Праз фонды кандыдатаў улады будуць кантраляваць партыйныя грошы

Еўрапейскія і беларускія эксперты падрыхтавалі прапановы па змене выбарчага заканадаўства, якія нічога не мяняюць. Днямі працоўная група Цэнтрвыбаркама сумесна з экспертамі АБСЕ скончыла працу над прапановамі па змене выбарчага заканадаўства Беларусі. Дакумент быў накіраваны на разгляд міністэрстваў і ведамстваў Беларусі для выпрацоўкі адзінай пазіцыі. Але ўжо зараз зразумела, што прапановы не прадугледжваюць кардынальнага перагляду выбарчай сістэмы. Хоць сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік і лічыць, што прапанаваныя змены адпавядаюць жаданням усіх палітычных партый.

Мікалай Лазавік: “Нельга казаць, што прапанаваныя змены нязначныя. Ідэі зменаў значныя, і яны адпавядаюць пажаданням палітыкаў, усіх палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Прапановы значныя, але яны не мяняюць выбарчай сістэмы”.

Таму распрацаваныя экспертамі прапановы па вядзенні перадвыбарнай агітацыі і спрашчэнні парадку правядзення перадвыбарных вулічных мерапрыемстваў ён лічыць нязначнымі, але патрэбнымі паляпшэннямі нашага і так найлепшага ў свеце выбарчага заканадаўства. Праўда, тлумачыць, што дакладна азначаюць гэтыя прапановы, Лазавік не стаў, спасылаючыся на тое, што гэта толькі праект — і абмяркоўваць яго рана. А вось ідэю стварэння індывідуальных фінансавых фондаў для кожнага кандыдата сакратар Цэнтрвыбаркама абмеркаваць не адмовіўся, пры гэтым назваўшы яе не самай удалай.

Мікалай Лазавік: “Старшыня Цэнтрвыбаркама лічыць, што ўвядзенне індывідуальных фінансавых фондаў — гэта добрая мера. У мяне сумненні пэўныя ёсць па гэтым пытанні. Бо некаторыя кандыдаты, якія маюць доступ да партыйнай казны альбо да іншых крыніц, будуць знаходзіцца ў значна выгаднейшых умовах у дачыненні да тых кандыдатаў, якія сёння жывуць на адну зарплату”.

У распрацаваных экспертамі прапановах не знайшлося месца запатрабаваным апазіцыяй зменам заканадаўства. Гаворка ідзе пра раўнапраўнае для ўсіх уваходжанне ў склад выбарчых камісій і адмену датэрміновага галасавання. Усе размовы пра фальсіфікацыі падчас датэрміновага галасавання Лазавік назваў глупствам. А вось над прапановай неяк ураўнаважыць склад камісій, палічыў, не дрэнна і падумаць.

Мікалай Лазавік: “Сама апазіцыя прапаноўвае ўстанавіць нейкія квоты ў адсоткавых суадносінах датычна прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў у агульным складзе выбарчых камісій. Магчыма, мела б сэнс разглядзець такую прапанову”.

Памочнік еўрадэпутата Януша Анышкевіча, эксперт Польскага інстытута міжнародных адносінаў Войтэк Бародзіч лічыць усе магчымыя прапановы па змене вядзення перадвыбарнай агітацыі і правядзення перадвыбарных вулічных мерапрыемстваў не вартымі ўвагі.

А вось ідэю стварэння індывідуальных фінансавых фондаў ён, наадварот, лічыць значнай, хоць і небяспечнай для апазіцыйных партый.

Войтэк Бародзіч:
“Стварэнне фондаў для розных кандыдатаў альбо партый, якія бяруць удзел у выбарах — гэта можа быць вельмі цікавай і новай рэччу. Па-першае, калі гэта будзе ісці сумесна з пашырэннем магчымасці і павелічэннем бюджэту, які можна выкарыстаць на правядзенне кампаніі, гэта можа стацца добрым выхадам для апазіцыйных, а таксама для іншых новых партый. З іншага боку — гэта можа быць момантам вялікай небяспекі. Бо гэта дапаможа кантраляваць, адкуль гэтыя партыі бяруць грошы і колькі грошай яны рэальна маюць. Але гэтая прапанова самая важная і самая сур’ёзная”.

У той жа час польскі эксперт лічыць, што гэтыя змены не дапамогуць зрабіць выбары ў Беларусі дэмакратычнымі і празрыстымі.

Войтэк Бародзіч: “Гэтыя змены не дапамогуць зрабіць выбары дэмакратычнымі і празрыстымі ў Беларусі, каб яны адпавядалі заходнееўрапейскім стандартам. Магчыма, гэта крок у гэтым кірунку, але гэта не самыя важныя рашэнні. Важным рашэннем было б тое, каб закон правільна прымяняўся. Бо ўсё залежыць ад людзей, ад таго, як будуць прымяняць гэты закон. І ад судоў, якія павінны трымаць кантроль над выкананнем гэтага закону”.

Крытычна прапанаваныя змены ў заканадаўства ацэньвае і сустаршыня АДС Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька: “Гэта нават не касметыка — гэта нічога істотнага. Ну, дадуць выступіць на тэлебачанні не 5, а 10 хвілін, ад гэтага не зменіцца сутнасць. Ну, дадуць магчымасць ствараць індывідуальны фонд, але перакрыюць мажлівасць для друкавання інфармацыйнай прадукцыі, як гэта было падчас апошняй выбарчай кампаніі. Так што гэта нават не насмешка, а грымаса над беларускай сітуацыяй”.

Галоўнае, кажа, каб усе удзельнікі выбарчай кампаніі мелі юрыдычна пацверджаную магчымасць удзельнічаць у падліку галасоў. А гэтага у прапановах працоўнай групы няма.

Фота: http://photo.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі