Прэвентыўнымі арыштамі ўлада спрабуе сарваць акцыю 21 студзеня

У Беларусі працягваюцца затрыманні і суды над актывістамі прадпрымальніцкага руху. Улада, відавочна, спрабуе сарваць чарговую акцыю пратэсту прадпрымальнікаў, якая мусіць адбыцца ў Мінску 21 студзеня.
У Мінску на Акрэсціна адбывае пакаранне ад 10 да 20 сутак ужо чатыры дзесяткі чалавек. Некаторых актывістаў з рэгіёнаў прывозяць у сталіцу і тут караюць, чаго раней не было. Суды праходзяць і ў рэгіёнах.

У пятніцу ў Барысаве Алег Лыска атрымаў 15 сутак арышту “за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу”. У Гродне асуджаныя на трое сутак кіраўнік гродзенскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юрый Істомін і актывіст Уладзімір Ларын.

Моладзевы актывіст Зміцер Хведарук, затрыманы напярэдадні, асуджаны “за дробнае хуліганства” на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Актывіст АГП Віталь Стажараў пакараны 20-суткавым арыштам.

Актывістка кампаніі “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” Алена Мядзведзева 18 студзеня была аштрафаваная Цэнтральным судом сталіцы на мільён рублёў. У чацвер яе затрымалі ў Бабруйску і прывезлі ў Мінск, ноч яна правяла ў спецпрыёмніку-размеркавальніку.

Мядзведзевай паказвалі здымкі з акцыі 10 студзеня і папярэджвалі пра адказнасць за ўдзел у мітынгу 21 студзеня. Адправіць за краты яе не змаглі, бо жанчына мае дзяцей, якія не дасягнулі 12-гадовага ўзросту.

“Тое, што цяпер адбываецца з прадпрымальнікамі, нагадвае генацыд”, - сказала Алена Мядзведзева ў інтэрв’ю БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі