Пры рамонце вуліц у Бабруйску прыватныя каналізацыйныя люкі закаталі пад асфальт
Пры рамонце вуліц у Бабруйску пад асфальтам апынуліся прыватныя каналізацыйныя люкі. Пра гэта піша газета "Вечерний Бобруйск", куды звярнуліся жыхары горада.
Напрыклад, на вуліцы Шаўчэнкі пад асфальт закаталі прыкладна 5-7 люкаў. "Цяпер іх хоць з металашукальнікам шукай. Што рабіць, калі раптам засмеціцца каналізацыя, — незразумела", — кажа мясцовы жыхар Канстанцін.
Начальнік рамонтна-будаўнічага ўчастка дзяржаўнага прадпрыемства "Водаканал" Аляксандр Красковіч кажа, што падымаць каналізацыйныя калодзежы давядзецца за кошт уладальнікаў. Напрыклад, на вуліцы Шаўчэнкі ёсць некалькі калодзежаў на балансе "Водаканала". Прадпрыемства падыме іх пасля адпаведнага прадпісання ад арганізацыі, якая асфальтавала вуліцу.
Уладальнікам прыватных калодзежаў давядзецца падымаць іх за свой кошт. Ім неабходна будзе звярнуцца ў "Водаканал" з пісьмовай заявай. Супрацоўнікі прадпрыемства пралічаць кошт работ і выканаюць іх.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.