Прысуд Аляксандру Тамковічу і УП “Час навінаў” пакінулі без зменаў

Сёння Мінскі гарадскі суд адхіліў скаргу УП “Час навінаў” на рашэнне Першамайскага суда сталіцы, які абавязаў журналіста Аляксандра Тамковіча і “Час навінаў” выплаціць сенатару Мікалаю Чаргінцу 1 і 50 мільёнаў адпаведна.
Пра гэта Еўрардыё паведаміў галоўны рэдактар газеты “Новы час” Аляксей Кароль.

“Гэта рашэнне ўжо набывае моц і падлягае выкананню. У вышэйшую інстанцыю — Вярхоўны суд — трэба звяртацца і мы будзем звяртацца. Згодна з законам мы можам гэта рабіць на працягу трох гадоў. Звяртацца трэба яшчэ і таму, каб на гэтай справе засяродзіць увагу грамадскасці на палітыцы па абмежаванні свабоды СМІ і па пераследу журналістаў па розных надуманых прычынах”.

Нагадаем, Мікалай Чаргінец палічыў, што журналіст Аляксандр Тамковіч у сваім артыкуле “Генерал-сенатар Чаргінец”, апублікаваным у газеце “Новы час”, абразіў яго гонар і годнасць і падаў пазоў. Суд абавязаў кампенсаваць сенатару маральную шкоду. Журналіста абавязалі выплаціць 1 мільён рублёў, а выданне — 50 мільёнаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі