Птушкафабрыкі адмаўляюцца прадаваць сваю прадукцыю прадпрымальнікам

Дзяржава вырашыла прыкласці ўсе магчымыя і немагчымыя сродкі, каб ператварыць ІП ва унітарныя прадпрыемствы. Улада і прадпрымальнікі памяняліся месцамі: зараз ІП дыктуюць свае ўмовы працы і не падпарадкоўваюцца ўказам. Такога павароту падзей чыноўнікі не чакалі. З 10 тысяч іпэшнікаў перарэгістравацца ва унітарнае прадпрыемства выказалі жаданне толькі 169 чалавек (па самых аптымістычных афіцыйных прагнозах гэта лічба ў два разы больш – 300 чалавек).

Улада захвалявалася: калі ўсё застанецца на такім узроўні, хто будзе гандляваць на рынку пасля Новага года і папаўняць дзяржаўны бюджэт за кошт падаткаў? Спрагназаваць, як павядуць сябе беспрацоўныя, ніхто не бярэцца. Таму 14 верасня была створана працоўная група на чале з віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым з мэтай паскорыць працэс “неадкладна і любымі сродкамі”.

Напрыклад, намеснік старшыні савета па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце і сябра працоўнай групы Мечаслаў Віткоўскі лічыць, што часу было дастаткова (са студзеня 2006), каб перарэгістравацца.

Мечаслаў Віткоўскі: Проста народ у нас такі, пакуль гром з неба не грымне, ніхто нічога не хоча рабіць. Напрыклад, калі ў мяне ўзніклі пытанні, я пайшоў у падатковую інспекцыю і ўсё высветліў. Чаму так не робяць прадпрымальнікі? Яны чакаюць змянення ўказаў, але гэтага не будзе.

На заўвагу Еўрарадыё, што каментар, як зарэгістравацца ва унітарнае прадпрыемства, з’явіўся толькі 28 чэрвеня, Мечаслаў Віткоўскі адказаў:

Маё меркаванне, што хто хацеў, той і ведаў. Але не буду з вамі спрачацца. Безумоўна, хацелася, каб указ №302 з’явіўся ў лютым ці сакавіку.

Аказваецца, што пераходзіць з ІП ва унітарнае прадпрыемства адмаўляюцца нават сябры савета па развіцці прадпрымальніцтва пры прэзідэнце. Кацярына Чыжык чакае рэакцыі Адміністрацыі прэзідэнта на паводзіны іпэшнікаў.

Кацярына Чыжык: Я не пераходзіла і не збіраюся пераходзіць ва унітарнае прадпрыемства. Калі ў кагосьці ўзнікла такое жаданне – на здароўе. Тыя ўмовы, якія стварыла ўлада для юрыдычнай асобы, проста нерэальныя. Таму прасцей за ўсё закрыцца, чым збанкрутаваць у першы месяц пасля рэгістрацыі.

Умовы насамрэч нерэальныя: за кватэру (юрыдычны адрас) прыйдзецца плаціць у 6 разоў больш; штрафы з 50 базавых велічынь узляцяць у дзесяць разоў і стануць аднолькавымі, як для найбуйнейшага завода “Гарызонт” ці “Атлант”, так і мізэрнага унітарнага прадпрыемства; абавязковая наяўнасць галоўнага бухгалтара і атрыманне сертыфікацыі на тавар кожны квартал (зараз адзін раз у год), і, безумоўна, узрастуць падаткі.

ІП Ала Карпава з Гродна не можа зразумець, чым выклікана такое рашэнне ўлады. Ні ў адным указе яна так і не змагла знайсці змястоўнае абгрунтаванне.

Ала Карпава: Першае, чаго хочуць зразумець усе ІП: навошта гэта патрэбна? І другое: якія мэты ставіць перад сабой дзяржава? Калі яна хоча знішчыць прадпрымальніцтва ў краіне, тады гэтыя ўсе тры ўказы проста выдатныя. Тады і пытанняў няма. Але як можна ставіць у адзін шэраг завод “МАЗ” і ІП? Павінна ж быць нейкая градацыя.

Калі ўлада і сапраўды вырашыла знішчыць прадпрымальнікаў, тады чаму ж зараз ствараецца рабочая група і робіцца ўсё магчымае, каб унітарных прадпрыемстваў стала больш? На гэту тэму Еўрарадыё папрасіла паразважаць старшыню Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандра Патупу.

Аляксандр Патупа: Улада разлічвала загнаць прадпрымальнікаў у прымальныя ўмовы, а так не атрымалася. Выспявае сапраўдны скандал: шмат людзей апынецца проста на вуліцы. Ці будзе жыццё для ІП пасля Новага года? Відавочна, падаткі ад іх перастануць паступаць, цэны ўзляцяць у некалькі разоў, беспрацоўе ўзрасце і г.д. Гэта вельмі сур’ёзныя наступствы, якія ніхто не хацеў разлічваць. Таму улада так і хвалюецца.

Ужо сёння словы віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова, што трэба паскорыць працэс “неадкладна і любымі сродкамі”, становяцца зразумелымі. Так, сталічны ІП Ганна Краўчанка расказала: учора беларускія птушкафабрыкі ўжо не прадавалі сваю прадукцыю прадпрымальнікам, спаслаўшыся на тое, што будуць працаваць толькі з юрыдычнымі асобамі.

Фота — deelerious

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі