ПТВ павялічылі набор: у краіне востры дэфіцыт працоўных кадраў

У Міністэрстве адукацыі Еўрарадыё паведамілі, што Беларусі востра не хапае рабочых рук. Таму ў 2008 годзе ПТВ плануюць прыняць каля 50 тысяч навучэнцаў. Гэта перавышае мінулагодні прыём на 11 працэнтаў. Некаторыя сярэднеспецыяльныя ўстановы маюць намер перавыканаць план. Напрыклад, Мінская гарадская прафтэхвучэльня будаўнікоў №148 кожны год залічвае двайную норму абітурыентаў. Але павелічэнне набора ў ПТВ не “аголіць” ні школы, ні ВНУ, ні СНУ, кажа інспектар па ПТВ Ілона Чак.
Навучэнец мінскага ПТВ будаўнікоў №148 Мікалай распавёў Еўрарадыё пра тое, што з кожным годам колькасць залічаных на першы курс павялічваецца на 50 працэнтаў у параўнанні з папярэднім годам. З гэтай нагоды вучэльня нават наймае дадатковых выкладчыкаў.

Мікалай: Два гады таму ПТВ набрала 4 групы, у мінулым годзе ўжо 6. Зараз плануецца колькасць першакурснікаў павялічыць да 9 груп. Кожная група – 31 чалавек.

Інспектар прафесійна-тэхнічнага упраўлення пры Міністэрстве адукацыі Ілона Чак паведаміла Еўрарадыё лічбы набора ў рэспубліканскія ПТВ за 2007 і 2008 год. Калі ў мінулым годзе навучэнцамі сталі 44,5 тысяч, то ў гэтым плануецца прыняць 49,5 тысяч абітурыентаў.

Ілона Чак: Кантрольная лічба прыёма на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў рэспубліцы за 2008 год складае 49 тысяч 309 чалавек. У 2007 годзе было прынята 44 тысячы 452 чалавека.

Ілона Чак патлумачыла павелічэнне нормы на 11 працэнтаў тым, што ў краіне назіраецца востры дэфіцыт працоўных кадраў. Але тое, што у ПТВ будзе прынята каля 50 тысяч чалавек, ніяк не паўплывае на колькасць залічаных у іншыя СНУ ды ВНУ.

Ілона Чак: Гэта звязана з вострым дэфіцытам галін эканомікі ў працоўных кадрах. Таму мы паставілі задачу перад камітэтам і ўпраўленнямі па адукацыі адабраць каля 30 працэнтаў выпускнікоў для паступлення ў ПТВ. Пры гэтым мы не агаляем ні школы, ні ВНУ, ні СНУ. Гэта рэальная лічба, якую можна выканаць.

Старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Уладзімір Здановіч пацвердзіў Еўрарадыё інфармацыю аб тым, што павелічэнне набору ў ПТВ ніякім чынам не паўплывае на набор у ВНУ. Бюджэтных месцаў ў вышэйшых навучальных установах, наадварот, становіцца болей. Напрыклад, у гэтым годзе іх 32 тысячы.

Уладзімір Здановіч: Я даволі дакладна ведаю лічбавую інфармацыю і магу вам адказаць, што з году ў год колькасць месцаў для вучобы ў ВНУ не тое што не памяншаецца, а наадварот – павялічваецца. Прыкладна 32 тысячаў студэнтаў залічваецца на бюджэтную форму. Я лічу, што ў ПТВ адбылося адкрыццё новых спецыяльнасцяў, аб чым ішла гаворка раней, і за гэты кошт, магчыма, вырасла колькасць месцаў.

Ці атрымаецца ў ПТВ выканаць міністэрскі план, стане вядома ўжо ў верасні. А пакуль беларускія СМІ абвяшчаюць, што прафтэхвучэльні падоўжылі тэрмін падачы дакументаў: недабор навучэнцаў.

Фота – Кадр "СТВ"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі