Пунтус: Шмолік быў вельмі кваліфікаваным арбітрам, а пасля скурвіўся (відэа)

Анатоль Байдачны выхад п’янага Шмоліка на поле называе надзвычайным здарэннем, Юрый Пунтус дыскваліфікаваў бы яго пажыццёва, а старшыня судзейскага камітэта Беларускай федэрацыі футбола Алег Чэкун адмаўляецца раскрываць дэталі разбіральніцтва ў справе суддзі Сяргея Шмоліка. Ужо некалькі дзён уся краіна абмяркоўвае інцыдэнт, які адбыўся падчас матчу чэмпіянату Беларусі па футболе паміж "Віцебскам" і "Нафтанам". Галоўны арбітр матчу Сяргей Шмолік паводзіў сябе на полі неадэкватна - трымаўся за спіну, з цяжкасцю не тое што бегаў, ледзь хадзіў. Пасля заканчэння паядынку яму дапамаглі сыйсці з поля. І ўсё гэта дэманстравалася ў прамым эфіры па адным з рэспубліканскіх тэлеканалаў...

Як паведамляе "Прессбол", пасля матчу былі праведзеныя аналізы і высветлілася, што Шмолік быў у стане алкагольнага ап'янення. Судзейскі камітэт Беларускай федэрацыі футбола прыняў рашэнне адхіліць яго ад судзейства ў матчах чэмпіянату краіны, было распачатае расследаванне.

Былы галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі Анатоль Байдачны не можа прыгадаць, каб калі ў гісторыі суверэннага беларускага футболу нешта падобнае здаралася.

Анатоль Байдачны: "На маёй памяці такога не было... Вядома, гэта - надзвычайнае здарэнне ў судзейскім корпусе. Вядома, чалавек не можа судзіць у такім стане".

Самае дзіўнае, што Шмолік - не шэраговы арбітр, а адзін з найлепшых футбольных суддзяў краіны. Праўда, апошнім часам у яго пачаліся праблемы. Пра гэта сведчыць галоўны трэнер мінскага МТЗ-РІПА Юрый Пунтус.

Юрый Пунтус: "Ён суддзя вельмі кваліфікаваны. Але я мяркую, груба кажучы, ён скурвіўся... Ён ужо кваліфікацыю сваю практычна ніколі і не паказваў. Многія незадаволеныя яго судзействам, я думаю, вы разумееце мой адказ".

Здарэнне з Сяргеям Шмолікам магло б стаць падставай для кардынальных зменаў ("ператрахвання") у судзейскім корпусе, у самой Федэрацыі футбола. Тым больш, што ў БФФ, магчыма, адбудзецца змена старшыні - Генадзь Нявыглас пасля адстаўкі з пасады кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта можа развітацца і са сваёй "грамадскай нагрузкай". Аднак, не выключана, што справу паспрабуюць "спусціць на тармазах".

Вось што кажа Юрый Пунтус: "Цяпер пачынаецца нейкая дурацкая палеміка, расказваюць і даказваюць, што ён не быў п'яны. У што я не веру... Маё меркаванне, што такому чалавеку ў судзействе рабіць няма чаго. Я бы яго пажыццёва дыскваліфікаваў".

Пра тое, як праходзіць расследаванне інцыдэнта з Сяргеям Шмолікам, Еўрарадыё пацікавілася ў старшыні судзейскага камітэта Беларускай федэрацыі футбола Алега Чэкуна. Аднак ён пакуль ад каментароў утрымліваецца.

Алег Чэкун: "Нічога наконт вызначанага разбіральніцтва я вам не магу сказаць".

"Прысуд" футбольнаму арбітру Сяргею Шмоліку будзе агучаны 15 ліпеня













Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі