Пяцёра грузінаў хацелі нелегальна трапіць з Беларусі ў Літву
Але не трапілі, бо былі злоўленыя беларускімі памежнікамі.
Увечары 12 жніўня трое грамадзян Грузіі трапілі да памежнікаў у Ашмянскім раёне на подступах да беларуска-літоўскай мяжы. Жыхары Тбілісі не хавалі, што перайсці мяжу спрабавалі нелегальна з надзеяй палепшыць сваё жыццё ў краінах ЕС. Цяпер яны змешчаныя ў ізалятар часовага ўтрымання Смаргонскай пагрангрупы.
А раніцай 13 жніўня ў Воранаўскім раёне лідскія памежнікі затрымалі яшчэ дваіх ураджэнцаў Грузіі. Яны знаходзіліся ў памежнай зоне без неабходных дакументаў. Грузіны прызнаныя парушальнікамі рэжыму, на іх накладзена адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу памерам 3 мільёны 750 тысяч рублёў кожнаму. У дадатак іх дэпартуюць і забароняць наведваць Беларусь на пяць гадоў, паведамляе БелаПАН.