Рабочыя шклозаводу "Нёман" скардзяцца на забруджанае паветра ў цэху

29 лістапада на бярозаўскім шклозаводзе "Нёман" прайшоў сход, на якім рабочыя запатрабавалі ад кіраўніцтва вырашэння праблемы прысутнасці ў  завадскім паветры павышанага ўтрымання вокісу свінцу.  Кіраўніцтва заводу запярэчыла факт небяспекі для здароўя працуючых, але пры гэтым паабяцала вырашыць праблему ў бліжэйшы час. Як раней паведамляла Еўрарадыё,  у пачатку верасня на прадпрыемстве была ўсталявана новая печ па варцы крышталёвага шкла. Але чамусьці з гэтай печы на прадпрыемства пачаў ісці чырвоны пыл. Паводле рабочых "Нёману" чырвоны колер пылу надае вокіс свінцу. Адміністрацыя заводу не звяртала на гэта ўвагу. Аднак людзі адчувалі праблемы з дыханнем і пачалі пісаць скаргі ў розныя інстанцыі. Пасля гэтага пыл пачалі збіраць пыласмокамі.

Аднак найбольш рабочых абурыла тое, што пачалася перафарбоўка металічных канструкцыяў завадскіх памяшканняў у чырвоны колер. Паводле рабочых, такім чынам кіраўніцтва прадпрыемства хоча схаваць прысутнасць у паветры вокісу свінцу. Акрамя таго ўжо некалькі дзён рабочым выдаюць рэспіратары. Усе гэтыя дзеянні, паводле завадчанаў, супярэчаць сцвярджэнням кіраўніцтва "Нёману" аб дапушчальным узроўні вокісу свінцу ў паветры і адсутнасці небяспекі для здароўя рабочых.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі