Работніца гродзенскага заапарка, якую пакусала ільвіца, была п'янай
У крыві работніцы Гродзенскага заапарка, якой ільвіца адкусіла руку, было 2,8 праміле алкаголю.
Пра гэта інфармагенцтву БЕЛТА паведаміў першы намеснік начальніка ўпраўлення Гродзенскага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Валерый Кострыца.
Паводле яго слоў, траўма, атрыманая супрацоўніцай Гродзенскага заапарка, не расцэньваецца як вытворчая, а кваліфікуецца як невытворчы няшчасны выпадак. Хоць здарэнне адбылося з работніцай на тэрыторыі заапарка, але фактычна пацярпелая жанчына падчас здарэння была наведвальніцай. Яна скончыла змену, пераапранулася і сыходзіла з працы. Яе службовыя абавязкі не мелі да драпежных жывёлаў ніякага дачынення. Акрамя таго, пацвердзілася інфармацыя, што ў працоўны час работнікі заапарка ўжывалі алкагольныя напоі.
Як паведамляла Еўрарадыё, 8 лютага ў гродзенскім заапарку леў пакусаў 37-гадовую работніцу кармакухні. Жанчына пералезла праз агароджу і прасунула руку паміж жалезнымі прутамі вальера. Руку ёй давялося ампутаваць да пляча.
Пракуратура і Следчы камітэт вядуць праверку па факце няшчаснага выпадку.