Рада Еўропы заклікае не біць дзяцей

15 чэрвеня ў сталіцы Харватыі Заграбе стартавала агульнаеўрапейская акцыя, арганізаваная Радай Еўропы, пад дэвізам "Рукі прэч ад дзяцей!".
Па інфармацыі прэс-службы РЕ, мэтай акцыі з'яўляецца поўная забарона фізічных пакаранняў, прапаганда добрага ўплыву сям'і і прыцягненне ўвагі да правоў дзіцяці ва ўсёй Еўропе. Прэс-служба адзначае, што "у шмат якіх еўрапейскіх краінах грамадства церпіць і нават ухваляе некаторыя схаваныя формы гвалту ў дачыненні дзяцей, у прыватнасці тыя, да якіх звяртаюцца ў сям'і". Аднак "ніякія традыцыі, рэлігія, перакананні, эканамічная сітуацыя або метады выхавання ніколі не змогуць апраўдаць удары, плясканні, муштраванне, нанясенне калецтваў, гвалт або іншыя формы зневажання годнасці дзіцяці".


Ініцыятары акцыі адзначаюць, што "вялікая частка выпадкаў гвалту ў дачыненні дзяцей застаецца незаўважанай". Гэта адбываецца таму, што "дзеці баяцца распавесці пра гэта, а сталыя не надаюць дастатковай увагі іх словам". "Адсутнасць звестак і даследаванняў замінае ўрадам распрацаваць эфектыўную прэвентыўную палітыку", — гаворыцца ў прэс-рэлізе. Каардынатарка праграм Фонду ААН у вобласці народанасельніцтва (ЮНФПА) ў Беларусі Таццяна Гаплічнік заявіла, што "шмат якіх беларускіх сем'ях захоўваецца традыцыйнае "уласніцкае" ўяўленне пра дзяцей, плясканні і штуршкі лічацца метадам выхавання, які ў будучыні практыкуюць выраслыя дзеці". Летась у Мінску пачатку адкрыўся прыёмны пакой Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці. Яна размешчаная ў будынку Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі на вул. Кірава, 16, пакой 2.  Туды могуць звяртацца дарослыя і дзеці любога ўзросту.
БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі