Радаслаў Сікорскі: Для Еўропы важны не вынік выбараў, а іх якасць

"Беларусь стаіць на раздарожжы. Адна з дарог вядзе да значна больш блізкіх адносін ў Еўрапейскім Саюзам. Але яна ляжыць праз пашану да правоў чалавека, правоў меншасцяў, а перадусім праз свабодныя дэмакратычныя выбары. І для нас вельмі важны не сам вынік выбараў, але іх якасць", – паведаміў замежны міністр Польшчы Радаслаў Сікорскі на сумеснай прэс-канферэнцыі з міністрам Нямеччыны Гіда Вестэрвеле па выніках візіту ў Беларусь.

Па словах Сікорскага, візіт скіраваны як да ўладаў, каб паказаць ім магчымасць выбару, так і да беларускага грамадства: "За свае дзеянні і рашэнні кіраўнікі заўсёды пазней разлічваюцца. Мы прыехалі з тым, каб усе ведалі на што спадзявацца: будуць свабодныя выбары – будзе супрацоўніцтва з Еўрасаюзам".

"Важна, каб наш сусед жыў па дэмакратычных стандартах, свабодныя і справядлівыя выбары будуць у цэнтры нашай увагі", — дадаў Гіда Вестэрвеле.

"Папярэднія выбары не былі сумленнымі. Для мяне азначэнне сумленных выбараў – калі вынік невядомы загадзя. Мы дасведчаныя палітыкі, і ведаем, якая палітычная сістэма ў Беларусі", — заявіў Сікорскі. Паводле польскага міністра, візіт – знак салідарнасці з усім беларускім народам.

"Мы трымаем Лукашэнку на яго слове, што гэтыя выбары будуць адрознівацца ад ранейшых. І калі выбары пройдуць дэмакратычна, то абавязуемся ад імя сваіх краін, а таксама еўрапейскіх калег і еўрапейскіх інстытуцый дапамагчы Беларусі атрымаць самыя розныя выгоды ад значна больш блізкіх адносін з ЕС", – дадаў ён.

А такое супрацоўніцтва, паводле польскага міністра, можа прынесці Беларусі 3 мільярды еўра у самы бліжэйшы час. Ён прывёў прыклад значна меншай Малдовы, якая на працягу двух бліжэйшых гадоў атрымае каля 2 мльярдаў еўра з розных крыніц: МВФ, Еўрапейскага інвестыцыйнага банку, Інструмента добрасуседства ЕС і іншых. "Натуральна, Беларусь як большая краіна магла б разлічваць на яшчэ большую дапамогу", – заключыў Радаслаў Сікорскі.

Фота: Юлія Дарашкевіч/Наша Ніва

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі