Radiohead зачыняць бясплатную лавачку

З 10 снежня на сайце Radiohead закрыецца бясплатнае пампаванне новага альбома In Rainbows. Нагадаю, што новая праца оксфардскага квінтэта знаходзілася ў вольным доступе на афіцыйным Інтэрнэт-рэсурсе гурта пачынаючы з 10 кастрычніка. Пытанне з аплатай музыкі пакінулі адкрытым - меркавалася, што прыхільнікі самі вырашаць, колькі ім не шкада заплаціць за альбом.

У выніку дзве трэці людзей, якія запампавалі "In Rainbows", не заплацілі за яго ні цэнта.

Музыкі лагічна падумалі, што за два месяцы ўсе жадаючыя ўжо сцягнулі запаветныя файлы, а таму далейшая прысутнасць альбома на сайце не мае сэнсу. А калі хтосьці не паспеў, то яны могуць гэта зрабіць на любым бясплатным мп3-рэсурсе.

Да таго ж у самым хуткім часе "In Rainbows" будзе выдадзены і на фізічным носьбіце. Рэліз альбома запланаваны на 31 снежня.

А вось што датычыцца калекцыйнага "дыск-бокса", прапанаванага Radiohead адначасова з Інтэрнэт-рэлізам "In Rainbows", то жадаючым набыць яго трэба б было паспяшацца.

Паводле словаў музыкаў, на складзе засталіся яго апошнія копіі, а дадрукоўваць першы наклад яны не збіраюцца.

Нагадаю, што ў склад "дыск-бокса" дадаткова да асноўнага CD увайшоў бонус-дыск з некалькімі новымі кампазіцыямі. А кошт яго складае 40 фунтаў стэрлінгаў.

Фота: hang-on-to-me.blog.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі