Раманчук папрасіў для кандыдатаў тэлеэфір на замежных каналах

Кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук звярнуўся да кіраўніцтва шасці замежных тэлеканалаў, якія маюць вяшчанне ў Беларусі. Ён папрасіў даць эфірны час для апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Пра гэта Еўрарадыё паінфармаваў аднапартыец Раманчука Анатоль Лябедзька. Зварот накіраваны генеральнаму дырэктару Першага канала (Расія) Канстанціну Эрнсту, гендырэктару НТВ (Расія) Уладзіміру Кулісцікаву, старшыні УДТРК (Расія) Алегу Дабрадзееву, гендырэктару РэнТВ (Расія) Аляксандру Арджанікідзэ, гендырэктару "5 канала" (Украіна) Івану Адамчуку, а таксама прэзідэнту дырэкцыі Euronews Філіпу Кейла (Philippe Cayla).

Лябедзька кажа, што зварот Раманчука да кіраўнікоў замежных тэлеканалаў выканаў сваю палітычную функцыю – абвастрыў сітуацыю ў СМІ. Па словах Лябедзькі, гэты зварот мусіць парушыць "медыя-цішыню", якую ствараюць вакол кандыдатаў:

Лябедзька: “На тым этапе пэўныя інфармацыйныя мажлівасці ўсё ж такі былі. Гэта гадзіна жывога эфіру на тэлевізіі, гадзіна на радыё. Нейкі правобраз тэлевізійных і радыёдэбатаў. Гэта было раней. Але вось на апошнім прамежку выбарчай кампаніі амаль два тыдні рэзкі перакос у бок кандыдата ад партыі ўлады. Таму рэакцыя зараз і цяпер”.

Як паказалі падзеі апошняга часу, зварот да замежных СМІ абгрунтаваны. Як паведаміў БелаПАН, беларускія FM-радыёстанцыі адмовіліся размяшчаць у эфіры агітацыйны ролік за кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Ад размяшчэння рэкламы адмовіліся "Рускае радыё", "Радыё ВА", "Радыё Рокс", "Альфа радыё", "Юністар". Таксама змяшчаць рэкламныя матэрыялы адмовіўся інтэрнэт-сайт "Комсомольскай правды в Белоруссии".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі