Раманчук: Я ездзіў у Еўропу зняць напружанне
Напярэдадні Новага года экс-кандыдат у прэзідэнты Яраслаў Раманчук паведаміў, што з’яжджае за мяжу.
"Мае асабістыя планы ніякага дачынення да эканомікі і палітыкі не маюць. У Еўропе я зняў напружанне, якое назапасілася ў апошні час, не больш за тое",- распавёў пасля прыезду Раманчук, перадае ALE.BY.
Журналістка ALE.BY пацікавілася, як ідуць справы з Анатолем Лябедзька, які да гэтага часу знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ.
"У мяне няма прамой сувязі з прэзідэнтам, таму я магу толькі здагадвацца, што ўсё трывожна", — распавёў Раманчук.
Па словах Раманчука сітуацыя ў краіне ў бліжэйшы час павінна абавязкова выправіцца. "Таму што ні АГП, ні Анатоль Лябедзька, ні тыя людзі, якія былі ў маёй кампаніі, не заслугоўваюць такога грознага абвінавачвання, якое да іх сёння прад’яўляецца. Я прапаную яшчэ крыху пачакаць і затым правесці незалежнае расследаванне ўсяго таго, што адбылося", - сказаў палітык.
Па словах экс-кандыдата, увесь яго працоўны час сыходзіць на распрацоўку сістэмнай рэформы эканомікі і на фарміраванне дырэктывы, якая ў будучыні дазволіць Беларусі "палепшыць бізнес-клімат і дасць магчымасць патрапіць у трыццатку паспяховых краін".