Расія, Беларусь і Казахстан ствараюць сваю ВТО

Беларускія і расійскія эксперты разважаюць пра прычыны гэтага кроку Супольны перамоўны працэс па ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (ВТО) пачынаюць Расія, Беларусь і Казахстан у складзе Адзінага мытнага саюза. Пры гэтым яны адмовіліся ад перамоваў кожная паасобку. Такую заяву ад імя трох зрабіў расійскі прэм’ер Уладзімір Пуцін.

Чаму менавіта зараз Масква ініцыявала гэты працэс, калі да ўступлення Расіі ў ВТО засталося 6-9 месяцаў? Паводле меркавання расійскага палітолага Андрэя Суздальцава, па-першае, Крэмль не мае ўпэўненасці, што Расія туды ўступіць. Па-другое, расійскі Інстытут эканомікі зрабіў аналіз наконт выйгрыша і пройгрыша ад уступлення, і атрымалася, што яны практычна кампенсуюць адзін другога.

Вось што распавядае крамлёўскі палітолаг Андрэй Суздальцаў:

"Адзінае, у чым выйгрыш, — гэта ў некаторых працэдурах, у недапушчэнні антыдэмпінгавага расследавання і таму падобнае. Гэта сапраўды фарматнае ўступленне, нейкі эканамічны эфект — буйны эканамічны эфект — для эканомікі Расіі ВТО не дае".

Акрамя таго, адтэрміноўка ва ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю можа быць выгадная бізнэсу — у час крызісу патрэбная свабода для манеўра.

Паводле слоў Андрэя Суздальцава, ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу прыцягальнасць Сусветнай гандлёвай арганізацыі для Расіі знянацку рэзка ўпала. Таму Масква аказалася перад выбарам: калі не выходзіць з перамоўнага працэсу — проста яго трэба затармазіць.

Кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Леанід Заіка таксама лічыць, што ўступленне ў гэтую структуру — тэхнічнае пытанне, і не больш за тое. Выгадаў ад уступлення ў яе не атрымае ні Расія, ні Беларусь.

Леанід Заіка: "Ніякіх выгад не атрымаем, груба кажучы. Проста ўступленне ў ВТО ў перыяд сусветнага крызісу — гэта тое самае, што мыць машыну ў часе дажджу. Абсалютна, я б сказаў, бюракратычны занятак".

Як пажартаваў Леанід Заіка, тройка сабралася ўступаць у ВТО “для маральнай падтрымкі ВТО”. Некаторыя расійскія эксперты таксама малююць невясёлыя перспектывы для гэтай міжнароднай арганізацыі, якая, нібыта, “можа не перажыць крызіс”. 

Андрэй Суздальцаў перакананы, што Беларусь, як і Расія, у складзе мытнай тройкі, так і ў якасці самастойнага гульца, перспектываў на ўступленне ў ВТО не маюць.

Андрэй Суздальцаў:
"Беларусь, натуральна, ні да якога ВТО прынцыпова не гатовая. 70 з лішкам адсоткаў эканомікі — дзяржаўныя. Гэта нават не рыначная, а постсавецкая эканоміка. Але калі будзе рашэнне Вашынгтона пра падтрымку ў гэтым пытанні, яна можа вельмі хутка ўвайсці ў ВТО".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі