Расіянін узяў у банку крэдыт на забойства жонкі
Жыхар Ленінградскай вобласці Расіі ўзяў у банку крэдыт на забойства жонкі. Як пішуць расійскія СМІ, 22-гадовы хлопец атрымаў у фінансавай установе 40 тысяч расійскіх рублёў (каля 1400 беларускіх). У графе аб мэце крэдыту ён пазначыў асабістыя патрэбы.
Затым малады чалавек стаў шукаць кілера і паведаміў пра гэта знаёмаму, а той звярнуўся ў паліцыю. Ролю кілера выканаў праваахоўнік — заказчыка забойства затрымалі падчас аператыўнага эксперымента.
Пайсці на злачынства хлопца падштурхнула непрыязнае стаўленне да жонкі, якая сышла ад яго неўзабаве пасля вяселля. Муж спадзяваўся забіць яе і аформіць адзінаасобную апеку над дачкой.
Суд прысудзіў яму пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з абмежаваннем волі на два гады. Хлопца прызналі вінаватым у арганізацыі падрыхтоўкі да забойства.