Расійскі віцэ-прэм’ер: Прагрэсу ў газавых перамовах з Беларуссю няма

Расійскі віцэ-прэм’ер: Прагрэсу ў газавых перамовах з Беларуссю няма

Расія настойвае на аплаце Беларуссю доўгу за пастаўкі газу ў мінулым годзе ў поўным аб'ёме, зрухаў у перамовах па гэтым пытанні пакуль няма. Пра гэта паведаміў журналістам 28 студзеня ў Маскве віцэ-прэм'ер Расіі Аркадзь Дварковіч.

"Вядзем перамовы. Прагрэсу няма. Аргументацыя не мяняецца. Мяняюцца варыянты рашэння, але пакуль не знайшлі ўзаемапрымальных”, — цытуе Дварковіч ТАСС.

Мінск і Масква дагэтуль не ўрэгулявалі пытанні кошту расійскага газу і загрузкі сыравінай беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. З 2016 года Расія паводле дамоўленасцяў павінна была пастаўляць у Беларусь штогод 24 мільёны тон нафты аж да 2024 года. Аднак з другога паўгоддзя пастаўкі былі скарочаныя, што стала адказам на запазычанасць па аплаце пастаўленага расійскага газу ў 281 мільён долараў на той момант.

Згодна з беларуска-расійскімі дамоўленасцямі, доўг Мінск павінен быў пагасіць яшчэ да 20 кастрычніка, аднак гэтага не адбылося. Да канца 2016 года доўг, паводле ацэнак Расійскай Федэрацыі, перавысіў 400 мільёнаў долараў. Стала таксама вядома, што ў першым квартале 2017 года Расія збіраецца скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь з 4,5 да 4 мільёна тон.

Між тым намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка 29 снежня заявіў журналістам, што кампраміснае рашэнне па нафтагазавым пытанні з Расіяй павінна быць знойдзена не пазней першага квартала 2017 года. Ён адзначыў, што ў кастрычніку 2016 года быў падпісаны шэраг міжурадавых пагадненняў, зацверджаны план адпаведных мерапрыемстваў, а затым адбыўся "пэўны збой", і дарожная карта не была чамусьці прынята да рэалізацыі, паведамляе БелаПАН.

Прымаючы Сямашкі з дакладам 20 студзеня, Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся шукаць альтэрнатыўныя варыянты паставак нафты. "Мы дамаўляліся, што ў бліжэйшы час вы мне дакладзеце пра сітуацыю ў нафтагазавым комплексе краіны, асабліва ў сувязі з паводзінамі Расіі. Па нашых дамоўленасцях і пагадненнях, раней заключаных, якая ў нас абстаноўка? Мы нічога не ўтойваем ад людзей. Хаваць, я думаю, не трэба. Катастрофы няма, але скарачэнне паставак нафты ад Расійскай Федэрацыі павінна быць замешчана альтэрнатыўнымі варыянтамі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі