Расійскія самалёты пачалі лётаць над Беларуссю (відэа)
Звяно расійскіх знішчальнікаў Су-27П заступіла на сумеснае баявое дзяжурства па ахове паветранай прасторы Саюзнай дзяржавы.
10 снежня на аэрадроме 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Беларусі на сумеснае баявое дзяжурства заступілі дзяжурныя экіпажы ВПС і войскаў СПА Беларусі і першага камандавання ВПС і СПА Заходняй ваеннай акругі Узброеных сіл Расіі. На авіябазе ў Баранавічах дыслакавана авіяцыйнае звяно ў складзе 4 знішчальнікаў Су-27П ВПС Расіі.
Нагадаем, што расійскія знішчальнікі прыляцелі ў Беларусь у нядзелю. Яны будуць патруляваць паветраную прастору Беларусі да таго часу, пакуль у нашай краіне не адкрыюць расійскую авіябазу. Гэта павінна здарыцца ў 2015 годзе. Базу плануюць адкрыць пад Лідай.