Расійскія ўлады называюць апазіцыю вінаватай у пажарах у Сібіры

Паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта Расіі ў Сібірскай Федэральнай акрузе Мікалай Рагожкін выказаў версію, што лясныя пажары ў Забайкаллі маглі стаць вынікам дзейнасці арганізаванай групы апазіцыі.

Першым ідэю пра наўмысныя падпалы выказаў выканаўца абавязкаў Дзяржаўнай лясной службы Забайкальскага краю Вячаслаў Ларыёнаў. Паводле яго словаў, раней такіх пажараў, як сёлета, не было. Пазней паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта Рагожкін развіў гэтую думку.

Высокі чыноўнік мяркуе, што некая група людзей з апазіцыі магла прайсці інструктаж і правесці дыверсіі, падпальваючы лясы каля Чыты і іншых населеных пунктаў.

Зрэшты, прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў не каментуе словы Рагожкіна: паводле афіцыйных дакументаў, якія мае кіраўнік Расіі, прычынай моцных пажараў стала выпальванне травы ў спалучэнні з неспрыяльнымі фактарамі надвор’я.

На 17 красавіка на ўсіх тэрыторыях Забайкальскага краю і Рэспублікі Хакасія, у 19 раёнах Бураціі і ў адным раёне Краснаярскага краю дзейнічае рэжым надзвычайнага становішча. Усяго зафіксавана 95 лясных пажараў на плошчы 118 509 гектараў.
 
У выніку пажараў у Хакасіі 12 красавіка загінула 30 чалавек, лёс яшчэ дваіх невядомы, інфармуе ВВС.

Фота: RIA.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі