Расійскія войскі "страцілі дынаміку": другі дзень баёў ва Украіне

Расійскія войскі "страцілі дынаміку": другі дзень баёў ва Украіне

Заходнія эксперты адзначаюць, што Масква не чакала такога супраціўлення з боку ўкраінцаў. Bild спасылаецца на ацэнку Пентагона, які звяртае ўвагу на страчаную дынаміку ў прасоўванні расійскіх войскаў на другі дзень вайны, а таксама на тое, што ўкраінскае войска па-ранейшаму захоўвае цэнтралізаванае камандаванне.

У пятніцу зацятыя баі працягваліся на паўднёвым фронце, дзе расіянам удалося захапіць важны мост каля Херсона праз Дняпро. У Мікалаеве была спроба высадкі дэсанту. Баі ішлі ў Мелітопалі.

Цяжкія баі працягваліся ў раёне аэрадрома ў Гастамеле пад Кіевам. Расійскі дэсант там быў высаджаны 24 лютага, але ўкраінцы яго нібыта адтуль выбілі. У пятніцу расіяне атрымалі падмацаванне, бо для іх гэта стратэгічна важны аб'ект каля ўкраінскай сталіцы (расіяне сцвярджаюць, што ва ўкраінцаў там значныя страты). У Бучы была ліквідавана дыверсійна-разведвальная група.

Зацятыя баі ішлі пад Харкавам і Сумамі. Украінскі бок паблікуе фота і відэа разбітых і спаленых калон расійскай бронетэхнікі, паведамляе пра значныя страты ў расіян.

Расійскае войска працягвае абстрэлы ракетамі ўкраінскіх ваенных аб'ектаў і не толькі — разбураюцца жылыя дамы, бальніцы, ёсць ахвяры сярод цывільнага насельніцтва.

Украінскі журналіст Юрый Бутусаў піша пра "адну з самых паспяховых аперацый Узброеных Сіл Украіны ў гісторыі вайны" — атаку балістычнай ракетай расійскай авіябазы ў Растоўскай вобласці РФ. Згарэлі два знішчальнікі Су-30.

Па ўсёй Украіне павялічваюцца шэрагі тэрытарыяльнай абароны — мужчынам раздаюць зброю і боепрыпасы. Падрыхтоўка да абароны поўным ходам ідзе ў Кіеве. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі застаецца ў сталіцы.

Расійскія войскі "страцілі дынаміку": другі дзень баёў ва Украіне
Згарэлі два расійскія знішчальнікі Су-30

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі