Ратыфікаваць Мытны кодэкс Мытнага саюзу могуць 7 верасня
Беларусь не можа далучыцца да Мытнага кодэксу Мытнага саюзу без ратыфікацыі яго парламентам. Гэта сцвярджае былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, паведамляе БелаПАН. Паводле яго слоў, практыка такая, што ўсе найважнейшыя міжурадавыя пагадненні павінны ратыфікавацца беларускім парламентам. Сёння пытанне пра ратыфікацыю Мытнага кодэксу Палата прадстаўнікоў не разглядала. Не выключана, што гэта адбудзецца 7 верасня — на гэты час запланавалі пазачарговую сесію парламенту. У папярэднім парадку дня гэтай сесіі Мытнага кодэксу няма. Але цалкам можа быць, што туды ўнясуць дадатковыя пытанні.