Размеркаванне выпускнікоў не прыносіць дзяржаве фінансавай выгады?

Блогер litvinowicz падлічыў, што мізэрная зарплата маладога спецыяліста не дазваляе яму за два гады працы па размеркаванні адпрацаваць тыя мільёны, якія выдаткавала дзяржава на яго навучанне Робіць ён гэта на падставе разліку, зробленага аднаму са студэнтаў БДУ, які адмовіўся ехаць па размеркаванні. Зыходзячы з “разліку”, на навучанне маладога спецыяліста дзяржава за 5 гадоў патраціла 37 мільёнаў 835 тысяч рублёў. Каб адпрацаваць іх цягам двух гадоў, чалавек павінен адлічваць на карысць дзяржаве 1 мільён 650 тысяч рублёў штомесяц. Але заробкаў, якія б дазвалялі гэта рабіць, маладыя спецыялісты не атрымліваюць і сваё навучанне не адпрацоўваюць. Таму, робіць выснову litvinowicz, размеркаванне дзяржаве эканамічна нявыгаднае.



Тое, што заробкі выпускнікоў, да прыкладу, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі невялікія, згодная і намеснік галоўнага бухгалтара гэтага ВНУ Лілія Марчанка.

Лілія Марчанка: “Аклады сапраўды вельмі смешныя і вельмі маленькія. Акрамя таго, хоць паўсюль у даведках пішуць, што даюць жытло, але большасці маладых спецыялістаў яно не даецца. Альбо яго з гаспадарамі, на падсяленне. Аклады вельмі маленькія — у межах 300 тысяч”.

Год навучання аднаго студэнта ў сельгасакадэміі каштуе дзяржаве 2 мільёны 224 тысячы рублёў. За тры гады навучання атрымліваецца 6 мільёнаў 672 тысячы. Каб вярнуць іх дзяржаве за два гады размеркавання, былы студэнт павінен штомесяц аддаваць са свайго заробку каля 290 тысяч рублёў.

Тыя, хто адмаўляюцца паехаць па размеркаванні, мусяць вярнуць грошы дзяржаве цягам 6 месяцаў. Тыя, хто едуць-такі адпрацоўваць свае два гады, нічога дзяржаве не вяртаюць. Гэта добра ведаюць у бухгалтэрыі акадэміі ў Горках. Але патлумачыць, у чым фінансавая выгада дзяржаве ад размеркавання, Лілія Марчанка не ўзялася.

Лілія Марчанка: “Я згодная, вы маеце рацыю, што грошы не вяртаюцца. Не ведаю нават, што на гэта адказаць. Але ж як мы будзем — і так няма каму ехаць працаваць у сельскую гаспадарку”.

Кошт навучання ў Полацкім дзяржаўным універсітэце вагаецца ад 16 да 20 мільёнаў. Залежыць ад таго, на якім факультэце студэнт вучыцца, ці атрымліваў стыпендыю, ці жыў у інтэрнаце. Пра гэта Еўрарадыё расказала начальнік аддзела па размеркаванні выпускнікоў Аляксандра Дарашчонак.

Аляксандра Дарашчонак:
“У нас тры чалавекі вярталі грошы — гэта 20 мільёнаў з кожнага. Гэта калі за гэты год браць лічбы. А выстаўляліся яшчэ раней рахункі на вялікія сумы: ёсць і 16, і 18, і 6 мільёнаў”.

Па першым часе заробак выпускніка Полацкага ўніверсітэта складае каля 800 тысяч рублёў. Калі браць па максімальным кошце навучання ў 20 мільёнаў, то штомесяц былы студэнт павінен вяртаць дзяржаве каля 870 тысяч рублёў. Гэта каб цалкам вярнуць дзяржаве выдаткі на сваё навучанне. Зразумела, што грошы дзяржаве не вяртаюцца. Але Аляксандра Дарашчонак параіла паглядзець на гэтае пытанне пад іншым ракурсам.

Аляксандра Дарашчонак: “Можа, ідэя зусім іншая ва ўсім гэтым: гэта сума, якая выстаўляецца, — гэта затраты дзяржавы на навучанне. А тое, што чалавек павінен два гады адпрацаваць, то гэта адпрацоўка лічыцца не ў грашовым эквіваленце, а ў карысці ад чалавека”.

Ці нават прапануе глядзець на размеркаванне як на праяву клопату дзяржавы аб чалавеку.

Аляксандра Дарашчонак: “Дазволіць сабе навучанне платнае не кожны можа, і такім чынам дзяржава паказвае: "Ага, мы пра вас клапоцімся, мы вам адукацыю даем бясплатную. І нават вось, глядзіце, толькі два гады вы ў нас адпрацоўваеце. Якія мы добрыя! Нічога страшнага, што вы нам павінны, галоўнае, каб вам было добра!". Можа, з гэтага боку паглядзець трэба?”

Можна глядзець з якога заўгодна боку, але Лілія Марчанка звярнула ўвагу на тое, што апошнім часам людзі аддаюць перавагу платнаму навучанню.

Лілія Марчанка: “Але я вось зараз гляджу, як у нас ідзе паступленне на завочнае, і бачу, што зараз больш жаданне ісці на платнае навучанне. Нават конкурс на “платнікаў” большы. Бо вышэйшую адукацыю атрымліваеш, а распараджаешся сабой, як хочаш. Таму многія студэнты стараюцца са старэйшых курсах перавесціся на завочнае, каб збегчы ад размеркавання. А калі і застаюцца хлопцы, то толькі з-за арміі — пакуль вучышся, у войска не бяруць”.

Тое, што рэальныя грошы за навучанне ў выніку працы па размеркаванні ў дзяржаўную казну не вяртаюцца, разумеюць і ў Міністэрстве адукацыі. Гэта добра ведае былая супрацоўніца міністэрства Святлана Мацкевіч. У той жа час яна прызнае: нейкая логіка ў заявах чыноўнікаў пра тое, што адпрацаваць бясплатнае навучанне малады спецыяліст мусіць, ёсць. Іншая справа, кажа яна, што не так ужо і бясплатна нашыя дзеці вучацца ў ВНУ.

Святлана Мацкевіч: “Насамрэч, у гэтым ёсць пэўная логіка. Калі не звяртаць увагі на тое, што бюджэт дзяржавы складаецца з нашых падаткаў. І што грамадзяне, да таго, як хтосьці паступае на дзяржаўную форму навучання, аплацілі яго вучобу праз падаткі”.

Ва ўпраўленні вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінадукацыі разважаць аб стратнасці размеркавання адмовіліся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі