Re1ikt - “Рэкі прабілі лёд”

111216 Agljadacha.mp3

Дыск “Рэкі прабілі лёд” гурта Re1ikt - з’ява сапраўды вартай увагі на тэрыторыі Беларусі. Падаецца, што такіх манументальных прац пакуль мы не выдавалі, хоць, можа, я і перабольшваю. Самі музыкі называюць свой альбом першым пост-металам у краіне. Думаю, яны маюць усе падставы гэта рабіць, хоць насамрэч і не з’яўляюцца першымі, нешта падобнае ўжо рабілася. На дыску “Рэкі прабілі лёд” усяго толькі 7 кампазіцый і тут я баюся ўжываць слова песень. Кожны трэк мае даўжыню каля 10 хвілін і не менш за тры меладычныя часткі, кожная з якіх, у прынцыпе, здольная быць асобнай кампазіцыяй.

Увогуле, музыкі “Рэлікту” вырашылі пазбавіцца ад класічных формаў куплет-прыпеў-куплет. Менавіта так пабудаванай песні на дыску вы не знойдзеце. Павольнасць ды змрочнасць песень адразу ж прымушае спыніцца, сесці ды ўважліва паслухаць. Больш за тое, трэкі змяняюцца абсалютна незаўважна, і не з-за свайго падабенства адзін да аднаго. Яны папросту пераплываюць, і ў выніку ты атрымліваеш больш за гадзіну часу, праведзенага з заплюшчанымі вачыма.

Ёсць і іншы сакрэт у такой плывучасці альбому. “Рэкі прабілі лёд” адзін з рэдкіх дыскаў, які мае цалкам прадуманую канцэпцыю. Пачынаючы ад загалоўнай песні “Рэкі прабілі лёд” і завяршаючы песняй “Тры хвіліны” – гэта барацьба з жыццёвымі перашкодамі. Так тлумачаць канцэпцыю самі музыкі. Чалавек – гэта рака, і яна можа плыць заўсёды пад лёдам. Але, калі чалавек жадае ўбачыць нешта іншае і развівацца далей, то гэты лёд трэба зламаць. Прычым песня “Тры хвіліны” раней мела назву “Тры хвіліны перакур”, то бок, калі перашкоды разбураныя, можна крыху адпачыць і рухацца далей.

Адзіная песня, якая відавочна выпадае з той самай канцэпцыі – “Рана на Івана”. Гэта перапрацоўка народнай “Ой, рана на Івана”, якую выконваў і гурт “Песняры”. Але сказаць, што версіі зусім непадобныя, гэта прамаўчаць. “Рэлікт” зрабіў з народнай песні сапраўдную амаль трынаццаціхвілінную металёвую баладу.

Шкада толькі, што стыль, абраны хлопцамі, нельга зараз назваць папулярным. Я вельмі ясна ўяўляю сабе іх канцэрты, дзе некалькі дзесяткаў сапраўдных меламанаў, тых, хто сапраўды здольны прыйсці і паслухаць музыкаў, а не выпіць і паскакаць пад сцэнай, сядзяць больш за гадзіну з заплюшчанымі вачыма. Можа, гэта і не дрэнна, гэта, можа, нават і лепш, бо паказвае шчырасць музыкаў і іх уласнае захапленне якасцю. А шкада, бо, сапраўды, і якасць выканання, і аранжыроўкі, і тэксты вартыя ўвагі больш масавай аўдыторыі. Каб раслі, каб вучыліся, разумелі сапраўдную, шчырую музыку.

Дыск “Рэкі прабілі лёд” гурта Re1ikt варта паслухаць, гэта маё меркаванне. Тым больш, што такіх прадуктаў – асэнсаваных, відавочна рупліва прапрацаваных ды моцных нам рэальна не хапае.

Трэк-ліст:

01 - Рэкі прабілі лёд

02 - Канцінуум

03 - Прыкметы

04 - Снег, пясок ды соль

05 - Час вырашаць

06 - Рана на Івана

07 - Тры хвіліны

Музыка: А.Дземідзенка/Я.Любічаў (1,3,4,5,6), Я.Любічаў (2), А.Дземідзенка (7)
Словы: А.Дземідзенка (1,2,5,7), У.Казлоў (3,4), народныя (6)

Уладзімір Казлоў – спевы
Ягор Любічаў – гітара
Зміцер Наркевіч – бас
Аляксандр Дземідзенка – бубны
Віталь Макшун – гітара

Звядзенне и майстрынг – Павел Сініла (Everest Studio)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі