Рэгіёнам Расіі забаранілі публікаваць некралогі па загінулых ва Украіне — СМІ

Пахаванне ў Казані расійскага вайскоўца, які загінуў ва Украіне / tatar-inform.ru
Пахаванне ў Казані расійскага вайскоўца, які загінуў ва Украіне / tatar-inform.ru

Расійскія рэгіёны, дзе фіксуюцца найбольшыя чалавечыя страты ад вайны ва Украіне, перасталі публікаваць інфармацыю пра смерць вайскоўцаў пасля патрабавання Крамля. Так зрабілі ў Тыве, Бураціі, Валагодскай вобласці, Краснадарскім краі ды іншых рэгіёнах. Пра гэта піша выданне "Вёрстка" са спасылкай на крыніцы, блізкія да рэгіянальных уладаў. Таксама наяўнасць такога  рашэння пацвердзіў высокапастаўлены прадстаўнік расійскага парламента.

На думку Крамля, адсутнасць некралогаў перашкодзіць журналістам весці незалежны падлік колькасці загінулых. Другая версія — што публікацыя вялікай колькасці некралогай можа выклікаць хваляванні ў гэтых рэгіёнах.

Замест паведамленняў пра гібель мясцовых жыхароў на вайне Крэмль прапанаваў губернатарам публікаваць пазітыўныя навіны — пра дапамогу сем'ям вайскоўцаў і ваенныя поспехі.

Аднак некаторыя губернатары працягваюць публікаваць паведамленні пра гібель сваіх землякоў. Так, кіраўнік Сахаліна Васіль Лімарэнка 19 чэрвеня паведаміў пра гібель дваіх сахалінцаў.

Крыніца ў парламенце ўдакладняе, што патрабаванне Крамля закранала не ўсе рэгіёны. Строгія інструкцыі захоўваць маўчанне атрымалі толькі тыя, дзе напружаная сітуацыі ці шмат загінулых.

Па падліках Рускай службы Бі-Бі-Сі і "Медыязоны", на сёння пацверджаныя страты Расіі ў вайне супраць Украіны склалі 25,5 тысячы чалавек. Па іншых ацэнках, Расія магла страціць загінулымі і 50 тысяч чалавек, а незваротныя страты могуць складаць каля 225 тысяч.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі