«Рэпарцёры без межаў»: на беларускія СМІ ціснуць перад выбарамі

Міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” адзначае, што на беларускую прэсу ўзмацніўся ціск. Гэта звязана з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў. Адпаведную заяву арганізацыя распаўсюдзіла 17 жніўня, паведамляе сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў. Гаворка ідзе найперш пра папярэджанні, падатковыя праверкі і міліцэйскія рэйды, якія, на думку «Рэпарцёраў», сведчаць пра тое, што свабода прэсы ў Беларусі апынулася ў небяспецы. Так, пасля атрымання шэрагу папярэджанняў ад Міністэрства інфармацыі дзве газеты — „Народная воля“ і „Наша Ніва“ — могуць быць закрытыя паводле арт. 51 закона „Аб СМІ“, які дазваляе ўладам ініцыяваць закрыццё нават пасля двух папярэджанняў», — падкрэсліваюць «Рэпарцёры» і нагадваюць, што на рахунку абедзьвюх газет ужо налічваецца па тры такіх санкцыі.

 «Рэпарцёры» прыгадваюць таксама міліцэйскія «візіты» ў рэдакцыю «Народнай волі» зімой і вясной 2010 года, калі ў журналістаў выдання забралі камп’ютэры, а пасля шмат разоў дапытвалі ў межах расследавання справы аб паклёпе на чыноўніка спецслужб.

Арганізацыя занепакоеная і іншымі праблемамі, з якімі даводзіцца сутыкацца беларускім журналістам — гэта і забарона на супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, і фактычнае прызнанне незаконнай дзейнасці фрылансераў. («Рэпарцёры» прыгадваюць тут нядаўняе папярэджанне гомельскай журналістцы Таццяне Бублікавай).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі