Івонка Сурвіла: Над беларусамі вісіць хмара страху
Старшыня Рады БНР звярнулася да суайчыннікаў з нагоды Вялікадня і 25-х угодкаў катастрофы на ЧАЭС.
“На жаль, піша Сурвіла, — сённяшнія ўлады Беларусі не толькі не клапоцяцца пра свой народ, які пацярпеў ад страшных радыенуклідаў, але і хочуць будаваць на беларускай зямлі новую АЭС, забараняюць людзям прайсці “Чарнобыльскі шлях” у памяць аб загінулых ад чарнобыльскай радыяцыі”.
Старшыня Рады БНР звяртае асаблівую ўвагу на “нянавісць, якая выяўляецца ў Беларусі ў дачыненні да новага пакалення змагароў і актыўнай моладзі”. Адзначаючы, што над беларусамі “зноў вісіць чорная хмара страху”, яна прыводзіць словы папы Яна Паўла ІІ да польскага народу ў цяжкія часы яго гісторыі: “Не бойцеся!”.
Сурвіла заклікае беларусаў “паслухаць тых, хто ў турме меў час пераасэнсаваць апошнія 17 год дыктатуры”, паведамляе БелаПАН.