120-годдзе Багдановіча адсвяткавалі ў Латвіі (відэа)
А таксама паказалі рыжанам выставу, прысвечаную Крыжу Ефрасінні Полацкай.
Беларусы Латвіі адсвяткавалі ў Рызе 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча яшчэ па старым стылі: узгадалі лепшыя вершы вялікага паэта і праспявалі іх.
Вячаслаў Целеш, старшыня аб'яднання мастакоў Балтыі “Маю гонар”, узгадвае, як 20 год таму святкавалі стагоддзе са дня нараджэння паэта. З таго часу штогод латвійскія беларусы ладзяць невялікія вечарыны.
Вячаслаў Целеш: "Яго патрыятызм распаўсюдзіўся па ўсім свеце, у тым ліку і на беларусаў Латвіі. Беларусу варта пачуць яго “Пагоню” ці “Зорку Венеру”, каб пераканацца ў патрыятызме Максіма Багдановіча".
Адначасова з багдановіцкімі чытаннямі латвійскія беларусы адкрылі фотавыставу, прысвечаную лёсу іншай беларускай легендзе – Ефрасінні Полацкай і яе крыжу.
Глядзець відэё-рэпартаж:
Зладзіла выставу старшыня таварыства “Світанак” Ірына Кузьміч. Яна ж – дачка беларускага майстра Міколы Кузьміча, які і стварыў копію знакамітага крыжа
Ірына Кузьміч: "У чэрвені мы з мужам выправіліся ў старажытны Полацак і некалькі дзён пражылі ў Ефрасіннеўскім манастыры. Вынікам натхнення і стала гэтая выстава. Яе мэта – пазнаёміць латышоў з культурай Беларусі".
У 1997 г. брэсцкі ювелір-эмаліроўшчык, сябра Саюза мастакоў Беларусі Мікалай Кузьміч стварыў рэпрадукцыю крыжа Ефрасінні Полацкай. Новы крыж быў асвечаны і перададзены ў Ефрасіннеўскі манастыр.
Сапраўднаму крыжу, які знік у вайну з магілёўскага музея, сёлета споўнілася б 850 гадоў.