15 ліпеня пачалося вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты
Яно працягнецца да 13 жніўня.
Права вылучыць сваіх прэтэндэнтаў на месцы ў Палаце прадстаўнікоў маюць палітычныя партыі, працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам збору подпісаў. Палітычныя партыі могуць вылучыць сваіх кандыдатаў ва ўсе 110 выбарчых акругаў — па адным на кожную акругу. Прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла вызначаюць вышэйшыя партыйныя органы, паведамляе БЕЛТА.
Кандыдаты ад працоўных калектываў вылучаюцца на сходзе, на якім мусіць прысутнічаць больш паловы працоўных арганізацыі. Што да збору подпісаў, то патэнцыйны кандыдат павінен спачатку зарэгістраваць ініцыятыўную групу, а пасля сабраць не менш за тысячу подпісаў людзей, якія жывуць на тэрыторыі яго выбарчай акругі.
Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пройдзе з 14 да 23 жніўня ўключна. Пасля гэтага пачнецца агітацыйная кампанія. Асноўны дзень выбараў прызначаны на 23 верасня.
Фота — bymedia.net