4 з 6 абласцей Беларусі адстаюць адна ад адной

120330 Svjardlou Oblasti.mp3

Перад парламенцкімі выбарамі Аляксандр Лукашэнка па чарзе выклікае беларускіх губернатараў. Першымі 23 сакавіка на прыём ідуць кіраўнікі Віцебскай і Гомельскай абласцей.

“У рэгіянальным разрэзе сітуацыя яшчэ не паўсюль такая радасная. Таму і патрэбен больш дэталёвы аналіз стану спраў на месцах, каб падцягнуць тых, хто адстае”.

26 сакавіка Аляксандр Лукашэнка пясочыць сталічны рэгіён. “Мінскай вобласці пакуль што няма чым выхваляцца”, — інтрыгуюча пачынае ён. І адразу пералічвае, што яго засмучае:

“Па вытворчасці прамысловай прадукцыі ў вас сёлета пятае месца, чацвёртае месца па вёсцы. Засмучае і тое, што Міншчына ў шэрагах лідараў па аб’ёмах запасаў гатовай прадукцыі на сховішчах. Калі казаць пра фінансавы стан арганізацыяў, дык у вобласці амаль утрая ўзраслі сумы чыстых стратаў. А гэта пратэрмінаваныя пазыкі прадпрыемстваў перад бюджэтам і банкамі. Пералік праблемных пытанняў можна працягваць”.

Атрымліваецца, Мінская вобласць — у аўтсайдарах. Дык якая ж у лідарах? На наступны дзень да Аляксандра Лукашэнкі трапляюць кіраўнікі Брэсцкай і Магілёўскай абласцей.

“Па-першае, па выніках сацыялагічных даследаванняў дзве гэтыя вобласці — і Брэсцкая, і Магілёўская — па ўзроўні даверу мясцовым органам уладаў знаходзяцца на апошніх месцах, то бок тут самы нізкі ўзровень даверу. Па-другое, у гэтых рэгіёнах сёння самы высокі ў краіне ўзровень вымушанай няпоўнай занятасці. Па-трэцяе, практычна ў кожным раёне парушаліся тэрміны выплаты заробкаў”.

Больш за тое: Брэстчына па валавым рэгіянальным прадукце адстае нават ад мінулагодніх паказчыкаў. Куды ёй да Віцебскай вобласці, якая за 2 месяцы дала прырост у 21% да мінулага года…

Спадзявацца застаецца толькі на Гродзеншчыну. Яе чарга да Аляксандра Лукашэнкі падыходзіць 29 сакавіка.

“Пакуль што сярод іншых рэгіёнаў краіны вобласць выглядае не так, як нам хацелася б. Гэта калі мякка сказаць. Па выніках мінулага года Гродзеншчына была ў ліку адстаючых як па колькасных, так і па якасных параметрах сацыяльна-эканамічнага развіцця. У вас самы вялікі ўзровень запасаў гатовай прадукцыі на сховішчах прамысловых прадпрыемстваў. Незразумела, навошта вы іх складаеце, а не прадаеце”.

Атрымліваецца, што нічога дрэннага (але і нічога добрага) не прагучала хіба што пра Віцебскую і Гомельскую вобласці. З чатырох астатніх абласцей у дзвюх — “самыя нізкія тэмпы развіцця”, яшчэ адна — “у ліку адстаючых”, а яшчэ адной “няма чым выхваляцца”.

Фота: telegraf.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі