Абама: З-за дзеянняў беларускіх уладаў мы пачуваемся менш бяспечна

Пасля сустрэчы Абама заявіў, што погляды польскага і амерыканскага боку па беларускім пытанні супадаюць.

“Дзеянні рэжыму, якія мы сёння бачым на Беларусі, могуць паўплываць на ўвесь рэгіён, а гэта азначае, што мы адучваем сябе менш бяспечна”, — адзначыў амерыканскі прэзідэнт. Ён дадаў, што Польшча і Амерыка будуць разам дапамагаць развіццю беларускай грамядзянскай супольнасці.

Барак Абама таксама назваў Польшчу лідэрам па дэмакратычных зменах у Еўропе. “ЗША зацікаўленыя ў моцнай і задзіночанай Еўропе. Украіна можа браць прыклад з Польшчы, а задачай Польшчы будзе паказаць ёй правільны шлях у працэсах дэмакратызацыі”, — сказаў амерыканскі прэзідэнт. На яго думку, Польшча, якая прайшла дарогу ад дыктатуры да дэмакратыі, можа быць прыкладам для іншых краінаў, у якіх адбываецца барацьба з рэжымамі. “Я вельмі рады, што сам магу чагосьці навучыцца ад вас”, – дадаў Абама, звяртаючыся да палякаў.

Польскі прэзідэнт Браніслаў Камароўскі ў сваю чаргу адзначыў: “Я вельмі рады, што мы маглі абмяняцца поглядамі на тэму прасоўвання дэмакратыі навокал Еўропы, напрыклад, у Беларусі, дзе адбыўся драматычны паварот ад дэмакратычных працэсаў, дзе адбываюцца арышты і выдаюцца прысуды дзеячам дэмакратычнай апазіцыі”.

У прамове Камароўскага таксама прагучала прозвішча гродзенскага журналіста польскай "Газэты Выборчай" Анджэя Пачобута. Польскі прэзідэнт прыгадаў пра тое, што акцыя падтрымкі і салідарнасці з Пачобутам працягваецца.

Чакаецца, што размова пра прасоўванне дэмакратыі на Ўсход працягнецца падчас сустрэчы амерыканскага прэзідэнта з прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі