Адамовіч патрабуе ад Сіўчыкава 10 тысяч долараў за два вершы

Паэт Славамір Адамовіч пісьмова аформіў прэтэнзію да выдаўца Уладзіміра Сіўчыкава і выслаў апошняму па электроннай і звычайнай пошце. Адамовіч піша, што гэта – спроба вырашыць пытанне мірным шляхам. Калі спроба апынецца дарэмнай, ён намераны звярнуцца ў суд.

У сваёй прэтэнзіі паэт патрабуе ад выдаўца сплаціць яму 10 тысяч долараў за два апублікаваныя без дазволу вершы. Калі ж справа дойдзе да суда, Адамовіч павялічыць суму пазову да 10 тысяч базавых велічыняў. На цяперашні момант гэта 350 мільёнаў рублёў, альбо 43 тысячы долараў. Аднак з 1 красавіка, кала базавая велічыня ўзрасце да 100 тысяч, сума пазову можа скласці 1 мільярд рублёў, альбо 123 тысячы долараў. Дарэчы, паводле Закону аб аўтарскім праве, максімальная сума пазову можа складаць 50 тысяч базавых велічыняў.

Скандал між Адамовічам і Сіўчыкавым разгарэўся на нядаўняй Мінскай кніжнай выставе. Адамовіч выпадкова даведаўся, што яшчэ ў 2005 годзе Сіўчыкаў змясціў без згоды аўтара два вершы ("Верш для Юліі" і "Раманс") у зборніку вершаў пра каханне “Яна і Я”. На выставе Сіўчыкаў не выбачыўся перад Адамовічам і не падараваў яму аўтарскі асобнік кнігі. А наадварот, як піша ў сваім блогу паэт, прапанаваў набыць за 25 тысяч рублёў. Пазней Адамовіч убачыў гэты зборнік у кнігарні за 18 тысяч – гэта зусім яго раз’юшыла і надало рашучасці патрабаваць ад Сіўчыкава кампенсацыі.

У сваёй прэтэнзіі Адамовіч зазначае, што ў выпадку, калі Сіўчыкаў сплоціць яму запатрабаваныя грошы, ён скарыстае гэтую суму для запачаткавання літаратурнай стыпендыі ці прэміі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі