Адвакат два дні не можа сустрэцца з Антонам Сурапіным
Ён знаходзіцца ў следчым ізалятары Камітэта дзяржбяспекі.
Па словах маці затрыманага журналіста, Алены Сурапінай, для адвакатаў у СІЗА вялікая чарга, не хапае памяшканняў для сустрэч з падследнымі. Чарговую спробу сустрэнецца з Антонам адвакат мяркуе зрабіць 27 ліпеня, паведамляе БелаПАН. Ці прад'яўлена Сурапіну афіцыйнае абвінавачванне, бацькам да гэтага часу не вядома.
Нагадаем, што Антон Сурапін быў затрыманы КДБ 13 ліпеня па справе аб незаконным перасячэнні мяжы шведскім лёгкаматорным самалёт. Інцыдэнт адбыўся раніцай 4 ліпеня. Над Івянцом і Мінскам былі скінутыя сотні плюшавых медзведзянятаў. Адказнасць за акцыю ўзялі на сябе прадстаўнікі шведскай піяр-кампаніі Studio Total. Такім чынам яны хацелі падтрымаць свабоду слова ў Беларусі. Антон Сурапін першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў.