АГП ладзіць кампанію ў падтрымку Алены Тоўсцік
Бабруйская арганізацыя партыі вырашыла падтрымаць сваю актывістку.
Нагадаем, што 22 снежня 2011 года Алену Тоўсцік разам з яшчэ трыма актывістамі прызналі вінаватай у правядзенні несанкцыянаванай масавай акцыі на Дзяды. 2 лістапада яны выйшлі з царквы з запаленымі свечкамі, за што іх і аштрафавалі на 700 тысяч рублёў кожнага.
Як паведаміў БелаПАН кіраўнік бабруйскай арганізацыі АГП Віктар Бузінаеў, пасля суду супрацоўнікі міліцыі сталі пераследаваць мужа Алены Дзмітрыя, які цяпер хаваецца за межамі Беларусі. Сама ж актывістка партыі знаходзіцца ў адпачынку па даглядзе за дзіцём.
Супраць Алены Тоўсцік сталі ініцыяваць высяленне з інтэрнату, хоць яна не мела ніякіх праблем з аплатай. Таксама аддзел адукацыі пачаў рыхтаваць дакументы на пазбаўленне яе мацярынства, нібыта з прычыны таго, што паступаюць скаргі ад суседзяў.
У трохгадовай дачкі Алены праблемы са шчытападобнай залозай і яна практычна кожны месяц ляжыць у лякарні. У рамках дабрачыннай кампаніі апазіцыянеры спадзяюцца, што людзі адгукнуцца на праблемы актывісткі і дапамогуць як маральна, так і матэрыяльна.