Актывісты з рэгіёнаў просяць еўрапейскіх палітыкаў абараніць Статкевіча
Таксама яны просяць паспрыяць вызваленню іншых палітвязняў.
Адмысловы зварот накіраваны да Вярхоўнага прадстаўніка па знешніх справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і да Еўракамісара па пытаннях пашырэння і палітыцы добрасуседства Штэфана Фюле. Аўтары звароту — сябры ініцыятыўнай групы па змяненні выбарчага заканадаўства, створанай былым кандыдатам у прэзідэнты Дзмітрыем Усам і даверанай асобай былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча.
У дакуменце гаворыцца, што “у турме гвалтоўна ўтрымліваюцца экс-кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Мікалай Статкевіч і іншыя палітзняволеныя. Іх жыццё ў небяспецы, у дачыненні да іх ужываюцца катаванні», і што “ніякія праекты і перамовы з боку ЕС немагчымыя, пакуль грамадзянін Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу і трымае закладнікаў”.
Таму аўтары звароту просяць, каб Кэтрын Эштан і Штэфан Фюле “безумоўна настойвалі на вызваленні Мікалая Статкевіча і ўсіх палітзняволеных і іх поўнай рэабілітацыі”, інфармуе сайт spring96.org