“Akute” не вытрымалі і прэзентавалі ў Гомелі дзве новыя песні (фота)
А яшчэ другую пласцінку “Не існуе”. З трэцяй, кажуць, спяшацца не будуць.
На доўгачаканую прэзентацыю другога альбома гурта “Akute” завітала больш за паўтары сотні гомельцаў. Спачатку перад аўтарамі "Адзіноцтва" выступілі два гомельскія гурты “Изнутри” і “Glofira”. А пасля ўсіх прысутных чакала гадзіна дыска-дэкадансу непастрэдна ад магілёўцаў. Публіка вельмі цёпла сустрэла музыкаў і падпявала амаль кожную песню, за выключэннем дзьвюх новых: “Бегчы” і песні, якая нават не атрымала назву. Бо была дапісаная літаральна перад гомельскім канцэртам. Гарачым было і жаданне публікі бісу, і толькі пасля вядомага “Адзіноцтва” слухачы пачалі разыходзіцца.
Вось што распавялі Еўрарадыё пра новыя кампазіцыі самі Akute:
"Так. Вядома. Гэта штуршок да новага, трэццяга альбома. Але мы не збіраемся усё кідаць і адразу ж сядаць за яго напісанне. Цяпер мы вельмі ўзрушаныя гэтымі новымі песнямі. Вельмі ўзрушаныя. Як, напрыклад, “Адзіноцтвам” у свой час. Мы імі ўзрушаныя настолькі, як быццам толькі пачынаем граць. Таму, безумоўна, трэці альбом з’явіцца, але цяпер пра яго ўсё ж рана казаць".