Алена Каваленка: Сяргей гатовы ісці да канца
Жонка асуджанага на 2 гады і 1 месяц калоніі актывіста КХП БНФ у аўторак пабачыла мужа.
Як паведамляе Радыё Свабода, сустрэча адбылася ў віцебскім следчым ізалятары. Сяргей Каваленка працягвае галадоўку і не збіраецца яе спыняць. Вось што распавяла Алена Каваленка: "Галадоўка працягваецца, Сяргей упэўнены ў сабе, ён сказаў, што адчувае, што гэта адзіны шлях. Ён упэўнены, што мае рацыю, не пагаджаецца з прысудам і з судом, які ён назваў судзілішчам. І таму будзе да канца адстойваць сваю пазіцыю, пакуль не выпусцяць яго з-пад варты".
Паводле слоў Алены, шпіталізацыю Сяргей прызнае толькі ў гарадзкім шпіталі, бо ў яго няма даверу да дактароў СІЗА.
Нагадаем, Сяргея Каваленку асудзілі за парушэнне ўмоваў адбыцця хатняй "хіміі" (ён быў асуджаны за вывешаны ў студзені 2010-га на галоўнай ёлцы Віцебска бела-чырвона-белы сцяг).