Алесю Бяляцкаму ― 50!
Праваабаронца сустракае юбілей за кратамі. Тры тыдні таму споўніўся год, як ён знаходзіцца ў зняволенні.
25 верасня паплечнікі і сябры Алеся Бяляцкага ладзяць вечарыну ў яго гонар. У галерэі “Ў” сустрэнуцца літаратары, гісторыкі, філосафы і праваабаронцы. Прыйдуць Уладзімір Някляеў, Вінцук Вячорка, Гары Паганяйла, сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў і Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Алесь Бяляцкі вядомы не толькі як праваабаронца ― кіраўнік цэнтра “Вясна” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. У 1986 годзе ён быў адным са стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”, потым — старшынём гэтага аб’яднання. У 1988 годзе выступіў адным з заснавальнікаў таварыства "Мартыралёг Беларусі", быў сябрам Арганізацыйнага камітэта Беларускага Народнага Фронту.
Алесь Бяляцкі на мітынгу ў 1995 годзе
У 1990-м Алесь Бяляцкі стаў адным з арганізатараў Беларускай каталіцкай грамады. У 1992—1996 гадах быў дэпутатам Мінскага гарадскога савета. З 1989 па 1998 працаваў дырэктарам Літаратурнага музею Максіма Багдановіча, інфармуе радыё “Свабода”.
Фота: www.bnp.by, vytoki.net.