Аліна Арлова: "З задавальненнем прыеду на беларускі open air!"

Амаль 2-х гадзінная чарга на ўваходзе ў Madison Royal Club— месца, дзе і адбывалася прэзентацыя новага альбома спявачкі "Mutabor" — самае красамоўнае сцвярджэнне таго факта, што Аліну Арлову ў Мінску чакалі даўно.

Сама спявачка адзначыла, што гэта яе першы прыезд у Беларусь і выказала надзею прыязджаць часцей.

"Я вельмі рада быць тут, у вас. Нарэшце! Здавалася б, так блізка, а ў першыню," – кажа Аліна са сцэны.

Назва новага альбома Аліны Арловай "Mutabor" — бярэ свае карані ў адной з казак Вільгельма Гаўфа "Гісторыя пра халіфа-бусла". "Mutabor" — гэта чароўныя словы, заклінанне, якія паводле казкі маглі ператварыць чалавека ў любую жывёлу. Такі выбар назвы сама спявачка тлумачыць тым, што пераўтварэнні — адзін з спосабаў крочыць наперад па жыцці.

Аліна спявала на літоўскай, рускай і англійскай мовах і грала на фартэпіяна ў суправаджэнні віяланчэлі і гітары. Выступ літоўскай дзівы быў вельмі своеасаблівым і, як і чакалася, кранальным. Нягледзячы на пафасную атмасферу клуба, Аліна змагла перадаць атмасферу палёту, свабоды і пранізлівага светлага суму, якімі працята яе творчасць.

 

"Месца? Ну, так, гэта клуб. Канешне, месца не надта духоўнае. Але людзі, якія прыйшлі на канцэрт, усё гэта выправілі. І мне, і музыкантам канцэрт вельмі спадабаўся! Усё было вельмі па-спраўднаму. І людзі такія жывыя, чуллівыя. Добры быў канцэрт, праўда", — дзеліцца ўражаннямі пасля выступу Аліна Арлова.

На вялікіх экранах з двух бакоў ад сцэны транслявалася слайд-шоў, якое складалася з малюнкаў Аліны і фотаздымкаў, зробленых яе сябрамі. З пачаткам імпрэзы малюнкі на экранах змяніла "он-лай-трансляцыя" канцэрту, а на "задніку" сцэны з’явілася адмысловае відэа ад мастака Рудольфа Левуліса.

Аліна Арлова: "Я неяк паглядзела яго працы, і мне яны вельмі спадабаліся. Так мы і вырашылі зрабіць гэтае відэа". 

На відэа былі прадстаўлены не толькі запісы самой Аліны розных часоў, але і розныя замалёўкі і сюжэты: цыганскі табар, дом састарэлых, турма, "дыскатэка для тых, каму за 40" і г.д.

Аліна Арлова: "Аўтары відэаматэрыялаў ездзілі вось у такія "сапраўдныя" месцы, здымалі гэта ўсё, і паводле свайго меркавання далучалі гэта да песень. Мне вельмі падабаецца гэта відэа, бо мне і хацелася, каб гэта было сапраўднае жыццё, зафіксаванае ў вось такім прыгожым, запаволеным святле".

Відэа гарманічна змешвалася з музыкай, а сумныя і пранізлівыя тэксты песень спявачкі не здаваліся такімі ўжо дзіўнымі. Дзякуючы яе манеры выканання, нават не ведаючы літоўскай мовы, падавалася, што разумееш сэнс песень. А ўсё таму, што і музыка, і эмоцыі, якія выклікае спявачка – простыя і сапраўдныя. А яшчэ… вельмі юнацкія, як і яна сама!

Канцэрт праляцеў зусім незаўважна,нібыта на адным дыханні. Час ад часу Аліна звярталася да залы, тлумачыла назвы некаторых кампазіцый і нават выканала некалькі песень "па замовах" з танцпола. Спявачка шмат усміхалася і ўважліва ўглядалася ў вочы прысутных. Было ў яе выступе нешта тэатральнае, драматычнае...

"Мне вельмі спадабалася яе манера выканання, яе вібрацыі голаса і ўвогуле тое, якая яна сама. Яна аддае вельмі шмат энэргіі ў залу і гэта нельга было не адчуць, — дзеляцца ўражаннямі ад канцэрта дзве дзяўчыны на танцполе. — Мы вельмі доўга чакалі гэтага канцэрта і эмоцыі, натуральна, ммммммммм! Але  мала! Так хочацца больш! Таму што такую якасную музыку можна слухаць бясконца. Яна такая чуллівая, і ў такой своеасаблівай манеры выконвае свае песні, што немагчыма не паддавацца яе прывабнасці.  Аліна, прыязджай яшчэ! Гэта ўсё, што мы зараз можам сказаць. Хоць заўтра, хоць паслязаўтра! На такія канцэрты трэба хадзіць! І ДЗЯКУЙ!"

"Мы былі знаёмыя з творчасцю Аліны прыкладна ўсяго паўгода-год, і нам вельмі падабалася, што яна такая самабытная, — далучаюцца да нашай размовы яшчэ дзве дзяўчыны. — Ні на каго не падобная ўвогуле! А на канцэрце, ужывую, яна слухаецца нашмат лепш, неверагодна! Гэта не першы яе канцэрт, які я бачу, але ТАКІ ўпершыню. Яна такая жывая, чуллівая – не перадаць словамі! Нават месца не настолькі важна ўжо чуеш яе музыку, бачыш яе… Яна і ёсць атмасфера!"



Пасля асноўнай часткі праграмы Аліна двойчы вышла "на біс". Гледачы і не думалі разыходзіцца, нават калі ў зале ўжо запалілі святло і пачалі разбіраць тэхніку. Тады Аліна зноўку з’явілася на сцэне, але на гэты раз ужо проста каб пагутарыць, пафоткацца з прыхільнікамі яе творчасці і, канешне ж, падарыць  аўтографы ўсім жадаючым!

Еўрарадыё запыталася ў спявачкі пра яе будучыя канцэртныя планы.

Аліна Арлова: "Мінск зусім блізка ад Вільні! Мне б вельмі хацелася прыехаць, напрыклад, летам, калі ў вас ёсць якія-небудзь фестывалі. А яны ў вас, упэўнена, ёсць! З задавальненнем прыеду на беларускі  оўпэн-эір!"

Таму спадзяемся, што доўгачаканая Аліна Арлова неўзабаве зноў з’явіцца ў беларускіх афішах!

Фота: Цімафей Скібенка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі