Аляксандр Лукашэнка нарэшце падпісаў закон аб амністыі

Поўная назва закона, падпісанага 9 ліпеня, — "Аб амністыі некаторых катэгорый асобаў, якія здзейснілі злачынствы". У аўторак, 10 ліпеня закон зарэгістраваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў. Афіцыйнай датай публікацыі называецца 11 ліпеня.

Нагадаем, што амністыя была прымеркаваная да Дня незалежнасці 3 ліпеня. У Палаце прадстаўнікоў законапраект ухвалілі адразу ў двух чытаннях 27 чэрвеня, у Савеце Рэспублікі — 29 чэрвеня. А вось падпісанне закону ў кіраўніка дзяржавы зацягнулася.

Паводле дакумента, з месцаў пазбаўлення волі выйдуць каля 2800 чалавек. Агулам у беларускіх турмах утрымоўваецца больш за 33 тысячы чалавек.

На палітвязняў амністыя распаўсюджвацца не будзе. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў яшчэ да таго, як закон прынялі дэпутаты Нацыянальнага Сходу. І сапраўды, у 9-м артыкуле новага закона напісана, што амністыя не датычыцца злачынцаў, асуджаных па "палітычных" справах:

- арт. 293 (Масавыя беспарадкі);

- арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх);

- арт. 367 (Паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);

- арт. 3693 (Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў).

У каментары Еўрарадыё праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначаў, што гэта першая амністыя, якая мае выразны палітычны складнік:

“Ён адрозніваецца ад папярэдніх законаў аб амністыі менавіта палітычным складнікам. Да артыкулаў Крымінальнага кодэкса, на якія не распаўсюджваецца амністыя, дадалі палітычны. Раней у гэтым уліку ніколі не было такіх артыкулаў, як 342-і (“Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак”) ці “Паклёп у дачыненні да прэзідэнта”. Таму што гэта нязначныя злачынствы, і іх паставілі ў адзін шэраг з цяжкімі і асабліва цяжкімі, як забойства, бандытызм, тэрарызм”.

Фота — n1.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі