Аляксандра Малчанава асудзілі на 10 сутак
Такое рашэнне прыняў сёння Барысаўскі раённы суд. На былога палітвязня склалі пратакол нібыта за непадпарадкаванне службовым асобам.
У ноч на 27 кастрычніка Малчанаў збіраўся загнаць свой аўтамабіль у гараж. Але пакуль ён адчыняў браму, машыну заблакавалі міліцэйскія аўтамабілі. Малчанава груба кінулі на падлогу гаража і заявілі, што будуць ладзіць дагляд аўтамабіля. Нібыта былі звесткі, што ён можа хаваць забароненую нацыянальную сімволіку.
Ператрус таксама правялі ў доме, дзе Малчанаў жыве разам з маці. А самога былога палітвязня затрымалі за непадпарадкаванне і адвезлі ў Барысаўскі РАЎС, паведамляе БелаПАН.
Аляксандр Малчанаў быў асуджаны за падзеі на Плошчы. 14 верасня яго вызвалілі згодна з указам аб памілаванні.