Амбасадары ЕС могуць вярнуцца ў Беларусь на працягу тыдня
Пра гэта паведамляе агенцтва "France-Presse" са спасылкай на заяву вярхоўнага прадстаўніка па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.
Паводле яе словаў, да саміта кіраўнікоў МЗС краін ЕС, які 23 сакавіка разгледзіць магчымае ўвядзенне эканамічных санкцый супраць Беларусі, амбасадары мусяць быць у Мінску.
Нагадаем, што напрыканцы лютага ЕС адклікаў амбасадараў у адказ на рашэнне Мінска адклікаць свайго пастаяннага прадстаўніка пры ЕС і амбасадара ў Польшчы, а таксама прапанову кіраўніцы Прадстаўніцтва ЕС у Мінску і польскаму амбасадару выехаць для кансультацый у свае сталіцы.
У чацвер еўрадэпутат Крысціян Вігенін заявіў, што ў Бруселі "атрымалі інфармацыю пра станоўчыя зрухі". Нібыта, неўзабаве могуць вызваліць палітвязняў, чаго патрабуе Еўрапарламент і ЕС.
На здымку: Амбасадары краін ЕС пасля нефармальнай сустрэчы ў французскай амбасадзе ў Мінску, 29 лютага 2012 г.
Фота — bymedia.net