Ананім, які даслаў здымкі Сурапіну, хацеў іх прадаць па 40 еўра
Па словах шведскага журналіста Дэвіда Ландса, электронная скрыня ананіма [email protected] падалася Антону падазронай.
Рэдактар шведскага выдання The Local Дэвід Ландс звязваўся з Антонам Сурапіным 5 ліпеня, на наступны дзень пасля акцыі. Журналіст распавёў Еўрарадыё, пра што ішла гаворка.
Дэвід Ландс: Я запытаўся пра фотаздымкі з мядзведзямі, адкуль яны ў яго. Тэлефон знайшоў на сайце Антона. У нас была невялікая размова. Ён сказаў, што для яго будзе лепш напісаць e-mail, бо яму складана размаўляць па-англійску. Але мне падалося, што ў яго добрая англійская.
Ён адказаў на мой e-mail. Напісаў, што фотаздымкі атрымаў на электронную скрыню ад ананімнай асобы. Прычым, электронная скрыня ананіма [email protected] падалася яму падазронай. Таксама быў далучаны тэкст, у якім гаварылася, быццам ёсць здымкі, дзе чалавек махае рукой самалёту, што нізка ляціць, і на якім бачныя пілоты. Ананім хацеў прадаць іх і іншыя здымкі без капірайту па 40 еўра.
Еўрарадыё: Ці публікаваў The Local гэтыя здымкі?
Дэвід Ландс: Я проста ўзяў здымкі Антона з яго старонкі: на адным сам Антон, на другім мядзведзі. І подпіс: за публікацыю гэтага фотаздымку вось гэты хлопец быў затрыманы ў Беларусі. Я не думаю, што ў выніку Антон Сурапін плаціў за гэтыя здымкі.
Еўрарадыё: Ці размаўлялі вы з пілотамі самалёта? Ці верыце вы ў іх гісторыю?
Дэвід Ландс: Так, я размаўляў з імі некалькі разоў. Я веру, што так і было. У першыя некалькі дзён быў нейкі скептыцызм, бо было немагчыма праверыць сапраўднасць гісторыі. Большасць людзей у Швецыі напачатку таксама ставіліся да палёта са скептыцызмам. Але з’явілася відэа і шмат здымкаў.
Фота: thelocal.se