Андрэй Арамнаў рыхтуецца да Алімпіяды па індывідуальным плане
Ён працуе толькі са сваім асабістым трэнерам, бо мае канфлікт з кіраўніком нацыянальнай зборнай па цяжкай атлетыцы Аляксандрам Ганчаровым.
Алімпійскаму чэмпіёну 2008 года Андрэю Арамнаву дазволілі не ўзгадняць свае дзеянні з галоўным трэнерам. Пра гэта 27 ліпеня паведаміў журналістам міністр спорту і турызму Алег Качан. Міністэрства і Нацыянальны алімпійскі камітэт пайшлі на саступкі спартсмену, хоць і канстатуюць, што Арамнаў — “чалавек няпросты”. Цяжкаатлет атрымлівае таксама спецыяльную алімпійскую стыпендыю.
У 2009 годзе яго ўмоўна дыскваліфікавалі на два гады і пазбавілі гэтай стыпендыі за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане.
Сёлета ў адным з інтэрв’ю Андрэй Арамнаў заявіў, што не гарантуе медаль на Алімпіядзе ў Лондане, калі Аляксандр Ганчароў працягне ўзначальваць зборную. Ён, у прыватнасці, абвінавачвае галоўнага трэнера ў тым, што той распрацоўвае няправільную сістэму падрыхтоўкі, перадае БелаПАН.