Андрэй Ляховіч атрымаў прэмію Льва Сапегі
У Варшаве 8 красавіка адбылося ўручэнне прэміі Льва Сапегі. Сёлета лаўрэатам стаў палітолаг і аналітык Андрэй Ляховіч.
Узнагарода дае лаўрэату магчымасць працаваць у вядучых навучальных установах Польшчы, а таксама карыстацца багатымі матэрыяламі і архівамі Польшчы. Як адзначыў у эфіры Еўрарадыё колішні лаўрэат прэміі навуковец Язэп Янушкевіч, заснавальнікам і патронам гэтай праграмы для беларускіх навукоўцаў быў былы прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі.
Лаўрэата выбірае Капітула вядучых польскіх ВНУ — Варшаўскі ўніверсітэт, Кракаўскі Ягелонскі ўніверсітэт, Вроцлаўскі ўніверсітэт, універсітэт імя Адама Міцкевіча ў Познані, універсітэт у Беластоку. На працягу году лаўрэат наведае гэтыя ўніверсітэты і прачытае лекцыі па беларускай тэматыцы.
Андрэй Ляховіч — шосты лаўрэат прэміі імя Льва Сапегі. У папярэднія гады ўзнагароду атрымоўвалі гісторык Валянцін Голубеў, літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч, гісторык Сяргей Токць, гісторык літаратуры і спецыяліст па класічнай філалогі Аляксандр Жлутка, гісторык Уладзімір Ляхоўскі.
На ўрачыстасцях прысутнічала былая амбасадарка ў Беларусі Альжбета Смулкова, прафесар з Любліна Рышард Радзік, прафесар Мікалай Іваноў, былы дысыдэнт, які цяпер выкладае ва ўніверсітэце ў Аполі і ў Варшаўскім універсітэце.
Фота аўтаркі