Анджэй Вайда здымае фільм пра Леха Валенсу
Самы тытулаваны польскі кінарэжысёр прыступіў да здымак фільма аб першым прэзідэнце посткамуністычнай Польшчы.
“Я не хачу, але я мушу”, — сказаў 85-гадовы майстар на прэс-канферэнцыі. Дакладна такую ж фразу сказаў Валенса, калі ў першы раз балатаваўся на прэзідэнцкую пасаду. Стваральнік прафсаюзнага руху “Салідарнасць” даў сваё дабраславенне стваральнікам фільма.
Ролю Валенсы, які ў канцы верасня адсвяткаваў 68-годдзе, выконвае Роберт Віцкевіч. Фільм павінен выйсці на экраны ўвосень наступнага года. Ён будзе прысвечаны падзеям перыяду 1970–1989 гадоў: ад пачатку працоўных пратэстаў да выступу Валенсы ў Кангрэсе ЗША пасля звяржэння камуністычнага рэжыму ў Польшчы — перад тым, як ён стаў прэзідэнтам, перадае ВВС.