Аптэкарка з Баранавічаў выманіла крэдытаў на мільярд рублёў
І плаціць па іх перастала. Затым высветлілася, што гэтыя грошы жанчына брала з парушэннямі заканадаўства.
Уладальніца сеткі прыватных аптэк прадаставіла ў банк дакументы з ілжывымі звесткамі аб маёмасці, якая давалася ў заклад, паведамляе Intex-press. Магчыма, парушэнне і не заўважылі б, калі б жанчына не перастала плаціць па крэдытах.
Гісторыя пачалася яшчэ ў 2010 годзе, калі прадпрымальніца звярнулася ў адзін з буйных банкаў з просьбай даць ёй крэдыт на закупку тавару.
У якасці гарантыі сваёй плацежаздольнасці жанчына падала ў банк бухгалтарскія дакументы аб наяўнасці тавараў, якія знаходзіліся ў абароце і павінны былі паслужыць закладам.
З перыядычнасцю ў некалькі месяцаў жанчына атрымала ў гэтым банку пяць крэдытаў на агульную суму, якая перавышае мільярд рублёў. І спачатку яна спраўна па іх плаціла.
Калі ж жанчына перастала разлічвацца з банкам і ў яе ўтварылася шматмільённая запазычанасць, была праведзена старанная праверка. Тут і выявіліся парушэнні: тавараў, якія павінны былі служыць закладам, на самай справе было значна менш, чым паказана ў бухгалтарскай справаздачнасці.
Жанчына патлумачыла, што гандаль ішоў дрэнна, выручка была маленькай ці яе не было ўвогуле, таму яна і не змагла плаціць па крэдытах. Цяпер ёй пагражае да 5 гадоў турмы за выманьванне крэдыту або субсідыі.