Арышт Пачобута абскарджаны ў судзе, які вынес гэты вырак
Адвакат Андрэя Пачобута Аляксандр Галіеў сёння абскардзіў прысуд суда Кастрычніцкага раёна Мінска, паводле якога журналіст асуджаны на 15 сутак.
"Мы яшчэ раз выказалі нязгоду і з самім фактам здзяйснення правапарушэння, і з тымі міліцэйскімі сведчаннямі, абапіраючыся на якія, суд вынес пастанову аб адміністрацыйным арышце", — распавёў адвакат прэс-службе БАЖ.
Скарга пададзеная ў той жа Кастрычніцкі суд і будзе разгледжаная не раней, чым на наступным тыдні.
Нагадаем, карэспандэнт польскай Gazety Wyborczej Андрэй Пачобут быў асуджаны за "ўдзел" у акцыі 19 снежня на пасяджэнні суда, якое адбылося 11 лютага.