А.Шукаеў: Беларускія ўлады не маюць эканамічнай стратэгіі
Такое меркаванне вядомы маркетолаг і эканаміст выказаў у жывым эфіры Еўрарадыё.
На думку эксперта, сітуацыя ў эканоміцы краіны досыць цяжкая, але гэта можна было даўно прадбачыць. І дзіўна, што гэтыя праблемы выкрыліся толькі цяпер.
“Раней беларуская ўлада ўдала вырашала тыя праблемы, якія паўставалі на дадзены момант, — кажа Аляксей Шукаеў. — Усе задачы былі на вырашэнне бягучых праблем, а стратэгічнай працы не было. Вінаватыя, напэўна, тыя структуры, якія адказваюць за аналітыку эканомікі і за прагназаванне сцэнарыяў развіцця. А калі гэта і рабілі, то без належнай увагі”.
Масавы спажывец сёння даволі напужаны, лічыць эканаміст. Людзі сапраўды неабгрунтавана скупаюць тую ж тэхніку, бо не разумеюць, што будзе далей. І для звычайных людзей цяпер важна, каб улада падала ім нейкі сцэнарый, хаця б план дзеянняў на тры месяцы наперад. Кіраўнік краіны павінен паказаць, што супакоіўся і ведае, што рабіць, тады народ яму паверыць і супакоіцца таксама.
Што да вельмі папулярнай ідэі ўвядзення расійскага рубля, то Аляксей Шукаеў лічыць гэта пытаннем вельмі вялікага маштабу. “Калі ўважліва паглядзець мытную статыстыку Беларусі, то можна ўбачыць вельмі негатыўную з’яву. Імпарт сыравіны — адна краіна, экспарт тавараў — тая ж краіна. То бок Расія. Беларусь як была часткай вялікай савецкай эканамічнай сістэмы, так ёй і застаецца. Сістэма адносінаў не змянілася”.