Азаранка: Мяне не пазнаюць на вуліцах Мінска (фота)

Другая ракетка свету Вікторыя Азаранка 12 чэрвеня правяла ў Мінску майстар-клас для дзяцей. Ідэя прыйшла ў галаву самой Азаранцы пасля тыдня адпачынку ў беларускай сталіцы. Дзеці Вікторыю і радуюць, і вымотваюць.

“Майстар-клас мне вельмі спадабаўся. Падаецца, што ў нас усё больш дзяцей гуляе ў тэніс. Калі б яны, канешне, больш паслухмянымі былі, то было б зусім цудоўна. А так вельмі шмат сіл і энергіі адбірае. А насамрэч вельмі пазітыўна”.

Пасля майстар-класу, які цягнуўся каля гадзіны, Азаранка падпісвала дзецям свае фота, плакаты і тэнісныя мячы. Пакуль малыя цярпліва чакалі ў чарзе, іх мамы ледзьве не зладзілі бойку. Спрачаліся, чыё дзіця павінна атрымаць аўтограф раней.

Вікторыя тым часам зладзіла невялікую прэс-канферэнцыю проста на корце. Журналісты адразу цікавяцца: як адчуванне пасля страты першай пазіцыі ў сусветным рэйтынгу? Азаранка на гэта глядзіць па-філасофску.

120612 Pilecki Azarenko.mp3

“Гэта жыццё, так. Зараз я другая ракетка свету — гэта бывае. Ёсць магчымасць яшчэ стаць першай. Мяне гэта не турбуе. З’яўляецца дадатковая матывацыя працаваць далей”.

Праўда, дадае, што Шарапаву не віншавала, і замаўкае на некалькі секунд. Відаць, што беларускую зорку зачапіла пытанне пра страту першынства.

Затое пра адпачынак расказвае ахвотна, хоць і не ўсё. Азаранка гаворыць, што жыве тут у сваёй кватэры, якую набыла два гады таму, ездзіць па ваколіцах сталіцы (як даведалася Еўрарадыё, на бардовым Porsche Cayenne), радуецца добраму надвор’ю і робіць прабежкі па праспекце. Толькі вось не пазнаюць яе на вуліцах. Жартуе, што занадта хутка бегае.

Зорка пільна сочыць за чэмпіянатам Еўропы па футболе. Нават мае ўлюбёную каманду — зборную Іспаніі.

“Кожны дзень гляджу. Балею за Іспанію — Беларусь жа не гуляе. Насамрэч шмат каманд, за якія можна балець — Украіна, Расія, якая зараз вельмі матываваная. Але я патрыётка — за Беларусь канешне, перажывала б”.


Адпачынак у Азаранкі сканчаецца ўжо сёння — ад заўтра Вікторыя пачынае падрыхтоўку да Уімблдону. Адмыслова дзеля гэтага ў Мінск прылятае трэнер тэнісісткі.

“Гэта жыццё, так. Зараз я другая ракетка свету — гэта бывае. Ёсць магчымасць яшчэ стаць першай. Мяне гэта не турбуе. З’яўляецца дадатковая матывацыя працаваць далей”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі